У Дзяржынску па даносе затрымалі галоўную бухгалтарку
Канал сілавікоў апублікаваў відэа з галоўнай бухгалтаркай аднаго з прадпрыемстваў Дзяржынска. Сілавікі сцвярджаюць, што жанчынай зацікавіліся пасля даносу ў іх чат-бот.
Вікторыя Стаяновіч. Фота з яе старонкі ў Аднакласніках
Затрыманая жанчына, калі верыць сацсеткам — Вікторыя Стаяновіч. У яе двое дзяцей.
На відэа Вікторыя «прызнаецца» ў рэпосце з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, а таксама ва ўдзеле ў пікетах Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі 2020 года.
Губазікаўцы пішуць, што звесткі пра жанчыну прыйшлі да іх у чат-бот. Яны публікуюць тэкст гэтага даносу. Ён — у зневажальным тоне, прыніжае чалавечую годнасць: «Падчас бчб-шабашу была куратарам у г. Дзяржынску», «прычым хадзіла з малалетняй дачкой, вельмі прадуманая», «у доме бардак, бруд, як ва ўсіх змагароў» і г.д. Варта адзначыць, што такія сцвярджэнні пры праверцы часта аказваюцца паклёпам.
«Бчб-шабашам» лукашысты называюць пратэсты з патрабаваннем сумленнага падліку галасоў і супраць масавых парушэнняў законнасці ў краіне ў 2020 годзе.
Невядома, ці насамрэч быў напісаны гэты данос, але відавочна, што сілавікі ўсяляк спрабуюць стымуляваць працэс данасіцельства.
«Выказваем падзяку нашым актыўным падпісчыкам і валанцёрам. Наткнуліся на экстрэмісцкі кантэнт і персанажаў? Дасылайце нам у бот, і карма іх дагоніць з усёй няўхільнасцю», — даводзяць яны.