Вяскоўца з Докшыцкага раёна арыштавалі на 10 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Нібыта захоўваў «экстрэмісцкую інфармацыю» ў сваіх сацсетках, якія маніторылі міліцыянты.
Валер Яцкоўскі. Фота: сацсеткі
Паводле судовай пастановы, Валер Яцкоўскі «захоўваў у адкрытым доступе з мэтай распаўсюду» інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў — «выяву лагатыпа ў выглядзе шчыта з гербам «Пагоня» і незарэгістраванай бел-чырвона-белай сімволікай» і некалькі лагатыпаў інфармацыйных рэсурсаў, таксама прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Старшыня Докшыцкага райсуда Вячаслаў Елісеенка прызначыў вяскоўцу 10 сутак арышту.
Суд над Валерам адбыўся 11 верасня, падчас судовага працэсу ён не адмаўляў, што падпіскі на групы інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, насамрэч захоўваліся на ягонай старонцы з «Аднакласніках». Іх знайшлі міліцыянты падчас маніторынгу сацсетак, піша «Віцебская вясна».
Чытайце таксама:
За падпіску на тры «экстрэмісцкія» рэсурсы арыштавалі работніка «Нафтана»