Мінчанка пазнаёмілася з «салідным бізнэсменам» — той ашукаў яе на 120 тысяч рублёў
Новы знаёмы жанчыны расказваў, што ляціць на Кубу для арганізацыі дня нараджэння шэйха з ААЭ. А пасля падключыўся яго прыяцель.
У ліпені гэтага года 35-гадовая мінчанка ў папулярным дадатку для знаёмстваў завязала адносіны з нейкім Віктарам. Той распавядаў, што ладзіць розныя мерапрыемствы па ўсім свеце. У перапісках ён заўсёды быў вельмі ўважлівым, цікавіўся жыццём мінчанкі і выказваў сімпатыю, што выклікала давер у жанчыны. Пры гэтым мужчына неаднаразова згадваў, што грошы на развіццё бізнэсу ён зарабіў з дапамогай інвестыцый у крыптавалюту.
Праз нейкі час Віктар паведаміў, што ляціць на Кубу для арганізацыі дня нараджэння шэйха з ААЭ і прапанаваў перад вылетам дапамагчы мінчанцы трапіць у каманду яго сябра, з дапамогай якога ён зарабіў свой капітал. Тая паверыла.
У ходзе размовы «брокер» распавёў, што займаецца інвестыцыямі на біржах, у тым ліку на валютным і сыравінным рынках. Узамен на поўнае суправаджэнне дзейнасці папрасіў 10% ад прыбытку. Мінчанка пагадзілася і перадала яму ўсе неабходныя для рэгістрацыі даныя.
На працягу двух тыдняў жанчына пад кіраўніцтвам куратара рэгістравалася на сайтах, папаўняла рахунак і пераводзіла грошы. А калі захацела вывесці іх, ёй паведамілі, што гэта немагчыма. І толькі тады яна зразумела, што стала ахвярай махляроў і звярнулася ў міліцыю.
Усяго на рахункі, падкантрольныя зламыснікам, мінчанка пералічыла больш за 122 тысячы рублёў.
Першамайскі (г. Мінска) раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу па ч. 4 арт.209 (махлярства ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.