«Агрэсіўных дзеянняў не рабілі, прыкмет алкагольнага ап'янення не зафіксавана». Трэнер маладзёжкі пракаментаваў інцыдэнт з футбалістамі ў Партугаліі
Учора з'явілася інфармацыя, што гулец беларускай моладзевай зборнай і махачкалінскага «Дынама» Руслан Лісаковіч атрымаў траўму галавы пры падзенні на асфальт пасля гасцявога матча з Партугаліяй. Казалі, што ён агрэсіўна чапляўся да людзей, а потым моцна ўдарыўся галавой аб асфальт. Цяпер з'явіўся каментар наконт гэтай сітуацыі ад галоўнага трэнера зборнай Сяргея Ясінскага.
Сяргей Ясінскі
Сяргей Ясінскі, не адмаўляючы таго, што інцыдэнт сапраўды быў, адмаўляе тое, што ў ім была нейкая віна ягоных падначаленых:
«Пасля гульні, вярнуўшыся ў гатэль позна ўвечары, Лісаковіч з партнёрам выйшлі на вуліцу з мэтай прагуляцца перад сном. На вуліцы да іх падышло двое невядомых людзей з настойлівай прапановай нешта купіць. Слоўная сварка скончылася тым, што незнаёмец нечакана збіў з ног Руслана, той упаў на брук, няўдала стукнуўшыся галавой, і страціў прытомнасць. Выпадковыя сведкі, якія праязджалі міма, выклікалі хуткую дапамогу і паліцыю. Лісаковіча адвезлі ў бальніцу.
Ужо праз паўгадзіны там былі прадстаўнікі каманды. Па сведчанні відавочцаў, ніякіх агрэсіўных дзеянняў нашых футбалістаў не было, прыкмет алкагольнага ап'янення не зафіксавана, што задакументавана ў медыцынскім заключэнні, ніякіх прэтэнзій з боку паліцыі да нашых футбалістаў не выстаўлена».
Паводле Сяргея Ясінскага, на гэты момант Руслан Лісаковіч у Партугаліі пад наглядам лекараў, з ім пастаянна знаходзіцца прадстаўнік каманды.
Чытайце таксама:
Руслан Лісаковіч агрэсіўна чапляўся да людзей, а потым моцна ўдарыўся галавой аб асфальт — Трыбуна