Знік сайт мазырскай раёнкі, якая апублікавала вайсковую рэкламу сярод абʼяў пахавальных агенцтваў
Сайт раённай газеты Мазырскага райвыканкама «Жыццё Палесся» перастаў адкрывацца ў другой палове дня 23 кастрычніка, піша «Флагшток».
Днём раней у адным з міліцэйскіх тэлеграм-каналаў зʼявілася скарга на газету. Ананімны чытач звярнуў увагу сілавікоў на суседства рэкламы набору ў Вайсковую акадэмію з рэкламай пахавальных паслуг у выпуску выдання ад 19 кастрычніка. Сілавікі паабяцалі праверыць рэдакцыю «на экстрэмізм і вашывасць» пры дапамозе мясцовага аддзела ГУБАЗіКа.
«Флагшток» патэлефанаваў на нумар галоўнага рэдактара:
«Не ведаю, што з сайтам у нас. Я толькі займаюся стварэннем матэрыялаў«, — адказаў жаночы голас.
Пасля хвіліннага чакання супрацоўніца «Жыцця Палесся» ўдакладніла:
«Мы пакуль і самі разбіраемся, нейкі тэхнічны збой, цяпер будзем папярэджваць падпісчыкаў. Пакуль ідзе разбіральніцтва. Галоўны рэдактар у выканкаме цяпер, а чалавек, які вядзе сайт, пакуль таксама не ведае. То-бок чакаем праверак».