БЕЛ Ł РУС

У Брэсце за здымкі дронам пакаралі блогера «Ваську Пілота». Ён бясплатна здымаў для дзяржаўнай арганізацыі

30.10.2023 / 12:17

Nashaniva.com

Фатограф з Брэста Васіль Пашалюк, больш вядомы ў карыстальнікаў інтэрнэтам пад мянушкай Васька Пілот, днямі быў аштрафаваны паводле Адміністрацыйнага кодэкса на 10 базавых велічынь, што складае 370 рублёў, піша БАЖ. 

Фатографа, які займаецца фота– і відэаздымкамі з дапамогай квадракоптара, пакаралі за тое, што ён выкарыстоўваў свой дрон без папярэдняга ўзгаднення. З ініцыятывай завесці ў дачыненні да яго адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 18.35 КаАП выступіла пракуратура Брэсцкай вобласці.

Падставай стала тое, што Васіль Пашалюк змясціў на сваім YouTube-канале некалькі ролікаў з Брэста, зробленых ім на замову для адной з дзяржаўных арганізацый.

Але ў пракуратуры даведаліся, што здымкі з дрона нібыта вяліся без папярэдняга дазволу.

«Васька Пілот» — вядомая асоба ў інтэрнэт-прасторы не толькі сярод карыстальнікаў з Брэстчыны, але і далёка за яе межамі. Здымкі з дапамогай квадракоптара ён робіць з 2018 года, калі сябра прывёз яму аматарскі дрон з ЗША. Далей з’явілася прафесійная тэхніка, і з тых часоў гэтымі здымкамі актыўна карыстаюцца і дзяржаўныя СМІ.

Сам Васіль Пашалюк неаднаразова атрымліваў падзяку ад кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады. Публікацыі пра яго захапленне і прафесіяналізм выходзілі і ў незалежных медыя, і ў выданнях кшталту «СБ. Беларусь сегодня».

Калі прыхільнікі творчасці Ваські Пілота даведаліся, што яго аштрафавалі, з’явіліся прапановы дапамагчы з аплатай выдаткаў.

Аднак Васіль Пашалюк зрабіў гэта самастойна, адзначыўшы, што крыўдны не сам штраф, а што пакаранне адбылося за бясплатныя здымкі для дзяржаўнай арганізацыі.

Чытайце таксама:

Фізічным асобам забараняюць мець дроны, арганізацыям і ІП — абмяжоўваюць

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула