ХАМАС «узяў у палон» Віктара Медзведчука
Звязаныя з ХАМАС акаўнты сталі распаўсюджваць фота Віктара Медзведчука ў кайданках, выстаўляючы яго адразу за двух розных афіцэраў ЦАХАЛ, якія нібыта патрапілі ў палон да тэрарыстаў. Навіна стала трэндавай у арабскім твітары.
Адна з публікацый, на якой «кума Пуціна» Віктара Медзведчука выстаўляюць за нібыта палоннага палкоўніка арміі Ізраіля Яіра Шалама. Фота: арабскі твітар
Звязаныя з баевікамі ХАМАС медыя пахваліліся ўзяццем у палон высокапастаўленага ізраільскага афіцэра, якім, на здзіўленне знаёмых з сітуацыяй у нашым рэгіёне, аказаўся «кум Пуціна» Віктар Медзвядчук.
За арыгінал выдалі фота Медзведчука ў кайданках падчас арышту яго ўкраінскімі сілавікамі, якія злавілі таго пры спробе ўцёкаў з Украіны да пазіцый расійскіх войскаў.
Прычым Медзведчука выдалі адразу за двух нібыта палонных афіцэраў ЦАХАЛ: палкоўніка Яіра Шалама і генерала Іцхака Брыка. Па легендзе прахамасаўскіх каналаў, афіцэраў нібыта паланілі падчас ізраільскай наземнай аперацыі. Іх палон дагэтуль так і не быў афіцыйна пацверджаны Ізраілем.
Аднак навіна з фота Медзведчука днямі хутка разляцелася па арабскім твітары і стала трэндам. Карыстальнікаў пры гэтым нічога не збянтэжыла.
Прыводзім у якасці прыкладу некалькі публікацый. Спачатку «кума Пуціна» выдавалі за палкоўніка Яіра Шалама.
Пасля гэтага Медзвядчук рэзка «пераўтварыўся» ў ізраільскага генерала Іцхака Брыка. Прычым для абазначэння сапраўднага генерала Брыка прыхільнікі ХАМАС і іншыя карыстальнікі твітара прадоўжылі карыстацца выявамі палкоўніка Яіра Шалама і прымацоўваць у якасці крыніц буйныя арабскія выданні, як Al Arabia і гэтак далей.
У жыцці генерал Брык выглядае зусім інакш.
А вось сапраўднае фота генерала Іцхака Брыка. Цяпер ён у адстаўцы і дапамагае парадамі вайсковаму кабінету Ізраіля.
Іцхак Брык. Фота: Yonatan Sindel / Flash90
Чытайце таксама:
«Кум Пуціна» Віктар Медзвядчук пасля вызвалення абзавёўся новай яхтай за 9,6 мільёна даляраў
Медзвядчук стварае ў Расіі «палітычны рух», у якім выплыў і беларускі персанаж
«Затрымалі выпадкова». Медзвядчук распавёў, хто яго затрымаў пасля ўцёкаў з-пад варты