БЕЛ Ł РУС

Знакаміты дом з пано «горад-будаўнік» у Мінску затапіла кіпнем. Жыхароў эвакуявалі

2.11.2023 / 11:56

Nashaniva.com

У ноч на 1 лістапада ў знакамітым «слупку» з пано «горад-будаўнік» у Мінску па адрасе праспект Незалежнасці 143, корпус 1 у мікрараёне «Усход 1» прарвала трубу з кіпнем на верхніх паверхах і ўвесь дом затапіла, заліло электраправодку, будынак абясточылі. Жыхары вымушаныя былі эвакуявацца. Пра гэта Reform.by паведамілі жыхары дома.

Фота: Tut.by

«Святла няма ўжо два дні, у калідорах стаіць вада. Ніякіх аб'яў ад камунальнікаў няма. Калі гэта ўсё скончыцца — невядома», — распавялі відавочцы.

Трубу прарвала на 6-м паверсе 16-павярховага дома, і пацярпелі кватэры з 6 да 1 паверха. Жыхары вымушаныя былі эвакуявацца.

У ЖЭС №52 мясцовым жыхарам паведамілі, што трубу прарвала 1 лістапада а 4 раніцы, і электрычнасць адключыла МНС. Ім параілі два-тры дні не прыходзіць дадому, а потым будзе хадзіць электрык, правяраць, ці прасохла праводка, і ўключаць электрычнасць. Вырашыць праблему абяцаюць цягам тыдня.

Жыхары кажуць, што не разумеюць, як менавіта будуць вырашацца праблемы. Вада пранікла ўсюды, налілася пад лінолеумам у калідорах, відавочна, праз некалькі дзён утворыцца цвіль. У доме выкарыстоўваюць электрапліты і нармальнае жыццё ў такіх умовах немагчымае. Што павінны рабіць жыхары, якім няма куды ісці, мясцовыя ўлады не паведамляюць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула