БЕЛ Ł РУС

Ударнікаў палітычных прысудаў павысілі — цяпер яны ў Вярхоўным судзе

2.11.2023 / 21:49

Nashaniva.com

Гэта суддзі, якія разглядалі справы спартоўкі Аляксандры Герасімені і журналіста Яўгена Меркіса. Але новыя пасады дасталіся не толькі ім.

Суддзя Святлана Бандарэнка

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў». На павышэнне пайшлі некаторыя з тых, хто шчыраваў на палітычных справах.

Суддзёй Вярхоўнага суда назначылі Святлану Бандарэнку (дагэтуль яна працавала ў Мінскім гарадскім судзе). Сярод яе прысудаў — выракі некаторым каментатарам у «справе Зельцэра», рэдактару «Ежедневніка» Сяргею Сацуку, доктару Арцёму Сарокіну і журналістцы Кацярыне Барысевіч.

Яна ж дала завочна 12 год плыўчысе Аляксандры Герасімені. А ў 2020-м выпісала 15 сутак музыку Паўлу Аракеляну.

У Вярхоўны суд з Гомельскага абласнога перавялі суддзю Аляксея Хлышчанкова. Ён таксама разглядаў справы тых, хто каментаваў перастрэлку Зельцэра і Федасюка, адправіў на 4 гады за краты журналіста Яўгена Меркіса.

Павысілі і некалькі іншых суддзяў, заўважных на палітычных справах. Сяргея Кацара з Маскоўскага раённага суда сталіцы перавялі ў Мінскі гарадскі. Пасля выбараў 2020 года ён многіх адпраўляў на суткі — за сцяг у акне, чаяванне з тортам, працу журналістам на судах. Ён таксама даў ад 2,5 да 3 гадоў калоніі гараджанам, якія спалілі чучала Лукашэнкі.

Намеснікам суда Пінскага раёна і Пінска паставілі на ўлік суддзю Андрэя Бычылу. Ён даваў суткі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гэты суддзя адправіў за краты Мікалая Клімовіча, які пасля памёр у Віцебскай калоніі № 3.

Святлану Кузьмічонак з Аршанскага суда перавялі ў Віцебск — у суд Кастрычніцкага раёна горада. На папярэдняй пасадзе яна адправіла мясцовага жыхара на 2 гады ў калонію за «абразу Лукашэнкі»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула