БЕЛ Ł РУС

У Мадрыдзе стрэлілі ў твар сузаснавальніку ультраправай партыі

10.11.2023 / 11:38

Nashaniva.com

Паліцыя шукае двух чалавек, якія з'ехалі на чорным матацыкле Yamaha.

Скрыншот відэа пасля здарэння. Сам момант стрэлу на відэа не трапіў

Іспанскі палітык Алеха Відаль-Куадрас быў паранены ў выніку атакі ў Мадрыдзе: як паведамілі ў мясцовай паліцыі, у чацвер у твар сузаснавальніка ультраправай партыі Vox стрэліў невядомы, піша Deutsche Welle.

78-гадовы Відаль-Куадрас быў у прытомнасці, калі яго даставілі ў бальніцу, цяпер яго жыццё па-за небяспекай. Паліцыя шукае двух чалавек, якія з'ехалі на чорным матацыкле Yamaha. Як паведамляецца, на стралку быў шлем.

Прычыны нападу пакуль невядомыя, паліцыя не выключыла рабаванне і пачала расследаванне. Пры гэтым замах адбыўся на фоне беспарадкаў і акцый пратэсту ў Мадрыдзе з удзелам прыхільнікаў правых і ультраправых партый. Дэманстранты выступаюць супраць планаў в.а. абавязкі прэм'ер-міністра Педра Санчэса амніставаць каталонскіх сепаратыстаў.

Іспанскія кансерватары і ультраправыя супраць Санчэса

Відаль-Куадрас быў старшынёй кансерватыўнай Народнай партыі Іспаніі ў Каталоніі ў 1990-х гадах. З 1999 па 2014 год ён займаў пасаду віцэ-старшыні Еўрапарламента, а ў 2013-м стаў адным з заснавальнікаў праваэкстрэмісцкай партыі Vox, аднак хутка пакінуў гэтую партыю пасля няўдалай спробы атрымаць месца дэпутата Еўрапарламента ў 2014 годзе.

Vox і кансерватары рэзка крытыкуюць закон аб амністыі для прыхільнікаў незалежнасці Каталоніі. У абмен на гэты закон сепаратысты падтрымліваюць фарміраванне новага ўрада на чале з сацыялістам Санчэсам. Гэта азначае, што ён зможа застацца на пасадзе прэм'ера, нават нягледзячы на паразу на нядаўніх парламенцкіх выбарах.

Відаль-Куадрас на працягу многіх гадоў не выяўляў палітычнай актыўнасці, але працягваў выступаць публічна ў якасці каментатара і аглядальніка СМІ.

За некалькі гадзін да нападу ён апублікаваў пост на платформе X (раней Twitter), у якім рэзка раскрытыкаваў пагадненне аб амністыі паміж Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыяй, якую ўзначальвае Санчэс, і каталонскай сепаратысцкай партыяй. Vox і кансерватары ўжо некалькі тыдняў арганізуюць масавыя пратэсты супраць закона аб амністыі і супраць Санчэса.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула