У Ашмянскім раёне часова вярнулася прыгоннае права
Тамтэйшы фермер жорстка збіў наёмнага работніка.
Ашмянскі фермер жорстка збіў наёмнага работніка.
Выпадак, тыповы для эпохі прыгоннага права, але ніяк не для 21‑га стагоддзя, адбыўся ў вёсцы Павішні.
У гаспадароў ўзніклі прэтэнзіі да 41‑гадовага работніка іх сялянска‑фермерскай гаспадаркі. На іх думку, ён нешта скраў. Замест таго, каб звярнуцца ў міліцыю, гаспадар прыняў іншае рашэнне — паказальна адлупцаваць чалавека.
Мужчына прывязаў рукі работніка да слупа ды жорстка збіў яго. У ход пайшоў драўляны кій, якім было нанесена не менш за 27 удараў.
Пра гэты выпадак міліцыя магла і не дазнацца, каб пацярпеламу не стала дрэнна і ён не звярнуўся бы па медыцынскую дапамогу ў шпіталь. Адтуль пайшла вестачка ў міліцыю.
Па выніках праведзенай праверкі заведзена крымінальная справа.