Украінская дзяўчынка памерла ў цягніку ў Расіі, яшчэ больш за 100 дзяцей шпіталізаваныя
12-гадовая дзяўчынка з акупаваных украінскіх тэрыторый памерла ў цягніку Цюмень — Адлер. Больш за 100 дзяцей дастаўлены ў інфекцыйную бальніцу, піша «База».
Група са 126 украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый былі ў лагеры ў Цюменскай вобласці і вярталася на цягніку дадому, піша «База».
Увечары 20 снежня некалькім дзецям стала кепска, у іх паднялася тэмпература. Неўзабаве 12-гадовая дзяўчынка страціла прытомнасць. Медыкі, якія суправаджалі дзяцей, спрабавалі аказаць ёй дапамогу, але школьніца памерла.
У Балашове дзяцей чакалі супрацоўнікі Расспажыўнагляду і хуткай дапамогі. Усіх дзяцей аўтобусамі даставілі ў Саратаўскую інфекцыйную бальніцу. У 46 з іх была павышана тэмпература цела. Дзяцей шпіталізавалі.
Для бацькоў створана гарачая лінія.
Украіна вінаваціць Расію ў выкраданні ўкраінскіх дзяцей. МКС з гэтай нагоды выпісаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.