БЕЛ Ł РУС

У спіс асоб, якія пагражаюць бяспецы Украіны, уключылі выканаўцу галоўнай ролі ў фільме «Ідзі і глядзі»

26.12.2023 / 18:36

Nashaniva.com

Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны ўнесла ў спіс асоб, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны, расійскіх спевака Яраслава Дронава, больш вядомага пад псеўданімам Шаман, і акцёра Аляксея Краўчанку, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».

Аляксей Краўчанка ў ролі беларускага падлетка Флёры ў фільме «Ідзі і глядзі»

З чым звязана ўключэнне Краўчанкі і Дронава ў рэестр, у каментары ўкраінскага Мінкульта не ўдакладняецца, але можна меркаваць, што яны гэтага заслужылі за падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны.

Аляксей Краўчанка вядомы сярод іншага тым, што ў 1985 годзе сыграў галоўную ролю беларускага падлетка Флёры ў фільме Элема Клімава «Ідзі і глядзі». Сцэнарый да фільма сумесна з Клімавым напісаў вядомы беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч. 

Пасля таго Краўчанка здымаўся ў вельмі многіх фільмах, у тым ліку ў прапагандысцкім «Санцапёку» 2021 года.

Спіс расійскіх дзеячаў культуры, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы, улады Украіны вядуць з 2015 года. Усяго ва ўкраінскі рэестр цяпер уключаныя 213 чалавек. З 2022 года з рэестра выключылі артыста Максіма Галкіна, які пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны адкрыта выступіў супраць яе. 

Чытайце таксама:

У сеціва злілі спіс капрызаў спевака Шамана, якія абавязаныя задавольваць арганізатары яго канцэртаў

«Правільныя выканаўцы з правільным пасылам». Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Расіі ў рэгіёнах пройдуць канцэрты праўладных зорак

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула