БЕЛ Ł РУС

У Таронта па антысеміцкіх матывах падпалілі краму мясцовых беларусаў

5.01.2024 / 16:19

Nashaniva.com

Як паведамляюць канадскія СМІ, у Таронта невядомыя закідалі кактэйлямі Молатава і распісалі антысеміцкімі надпісамі прадуктовую краму IDF (International Deli Food). Гэта адбылося раніцай 3 студзеня, піша «Салідарнасць».

Сама крама размешчаная недалёка ад кампуса Ёркскага ўніверсітэта. Паведамляецца, што пажар успыхнуў каля графіці з надпісам «Свабодная Палесціна». Пры аглядзе будынка таксама былі выяўленыя разбітыя вокны.

Паліцыя Таронта заяўляе, што пажар расследуецца як меркаванае злачынства на глебе нянавісці, а шэраг чыноўнікаў Таронта асудзілі пажар як «напад на яўрэйскую суполку горада».

Між тым ізраільскі вайсковы журналіст Сяргей Аўслендэр расказаў, што насамрэч крама не мае дачынення да яўрэйскай супольнасці, а трымае яе сямейная пара з Беларусі.

«Тое, што гэта прадуктовая крама, відаць за вярсту — вітрыны з адпаведнымі малюначкамі, каўбаса, сыр і ўсё такое», — піша журналіст.

Прычынай жа пагрому стала, хутчэй за ўсё, сама назва крамы — IDF. Прапалесцінскія актывісты, мяркуючы з усяго, пераклалі яго як Israel Defense Force — Сілы абароны Ізраіля.

Чытайце таксама:

Былы беларускі палітвязень зрабіў у Ізраілі ялінку з абломкаў ракет ФОТАФАКТ

ХАМАС адхіліў прапанову Ізраіля аб перамір'і ў абмен на вызваленне закладнікаў

Каго падтрымліваюць беларусы ў палесціна-ізраільскім канфлікце? — вынікі апытання

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула