БЕЛ Ł РУС

Украінцы імкліва скарачаюць выкарыстанне расейскай мовы ў сацсетках — даследаванне

14.01.2024 / 00:23

Nashaniva.com

Новае даследаванне, праведзенае навукоўцамі з Германіі і Вялікабрытаніі, паказала значнае павелічэнне выкарыстання ўкраінскай мовы ў сацыяльных сетках сярод жыхароў Украіны. Даследаванне было праведзена Мюнхенскім універсітэтам імя Людвіга Максіміліяна сумесна з брытанскім універсітэтам Бата і тэхнічным універсітэтам Мюнхена, піша Thinktanks.by.

Фота: vecteezy.com

За два гады вайны ўкраінцы ўсё менш сталі выкарыстоўваць расейскую мову ў сацсетках. З 2022 года жыхары Украіны актыўна сталі пераходзіць з расейскай на ўкраінскую.

Як адзначаюць аўтары даследавання, мова адыгрывае вядучую ролю ў ідэнтычнасці постсавецкай Украіны. Яны адзначаюць, што многія ўкраінцы свабодна валодаюць як украінскай, так і расейскай мовамі. Пры гэтым усяго некалькі гадоў таму ўкраінскую мову мовай зносін называлі ад 50 да 60% жыхароў краіны.

Пасля Майдана ў 2013 годзе і анексіі Крыма ў 2014 годзе ўкраінцы ўсё больш сталі адмаўляцца ад выкарыстання расейскай мовы.

Навукоўцы вырашылі вывучыць гэта развіццё ў даследаванні і з дапамогай штучнага інтэлекту і статыстычнага аналізу яны вывучылі больш за 4 млн паведамленняў, зробленых украінскімі карыстальнікамі сацсеткі X.

Аўтары даследавання сцвярджаюць, што карыстальнікі пачалі пераходзіць з расейскай на ўкраінскую яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання, аднак пасля пачатку вайны гэтая тэндэнцыя рэзка ўзмацнілася.

Навукоўцы лічаць, што такое змяненне паводзін карыстальнікаў стала палітычнай рэакцыяй на тое, што адбываецца. Карыстальнікі імкнуліся дыстанцыявацца ад Расіі, таму масава сталі пераходзіць на ўкраінскую мову.

Чытайце таксама:

Нечаканыя факты пра розныя мовы — складаны ТЭСТ з прызам

«Калі-небудзь беларусікі зразумеюць, што цяпер мова — гэта не галоўнае». У твітары абмяркоўваюць гвалтоўную беларусізацыю

Дзеячы культуры падвялі вынікі года і далі прагнозы — вельмі супярэчлівыя

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула