Батон з Бярозы ўзарваў тыкток. Што ў ім такога?
У тыктоку завірусілася відэа з батонам, выпечаным на Бярозаўскім камбінаце кааператыўнай прамысловасці. У роліку мужчына змінае рукамі батон у камяк, пасля той даволі хутка прымае першапачатковую форму.
Батон хутка прымае першапачатковую форму. Скрын відэа
«Бярозаўскія батоны такія лёгкія і змяшчаюцца ў далоні», — падпісаў ён ролік.
@r_o_man_82 ♬ 3 Haselnüsse - Jaques Raupé & Felix Harrer
Відэа набрала 1,6 мільёна праглядаў. І сотні каментароў, дзе людзі спрачаюцца — дык ці якасны гэта батон, ці не.
Выданне Bereza.by звярнулася па каментар да начальніцы лабараторыі Бярозаўскага камбіната Вольгі Гурынай. Тая патлумачыла:
«Тое, што батон аднаўляе форму, кажа пра добрую якасць сыравіны і гатовай прадукцыі. Такім і павінен быць свежы хлеб з выбраджанага дражджавога цеста. Даўней так пірагі правяралі: калі сесці на свежую булку, то яна павінна расправіцца, прыняць першапачатковую форму».