Перад выбарамі міліцыя правядзе рэйд па дамах раней асуджаных
У Круглым гэта будуць рабіць супрацоўнікі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, якім кіруе маёр Уладзіслаў Мікалуцкі.
Акрамя раней асуджаных, міліцыянты наведаюць усіх, хто стаіць і на іншых уліках у міліцыі. Гэта названа «дадатковымі мерамі кантролю» перад выбарамі. Участкі для галасавання будуць правярацца спецыяльнай міліцэйскай камісіяй, паведамляе Mayday.team.
Таксама Круглянскі РАУС у межах падрыхтоўкі да Адзінага дня галасавання (24 лютага) зрабіў разлік сіл і сродкаў, а таксама стварыў рэзервы асабістага складу на выпадак аператыўнай неабходнасці. Асаблівая ўвага надаецца недапушчэнню правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, мітынгаў і шэсцяў у Круглым.
Калі ўзяць на веру спісы для галасавання, у райцэнтры жыве ўсяго 7 300 чалавек, а ў рэальнасці яшчэ менш. Горад размяшчаецца ўдалечыні ад ажыўленых трас. Аднак аддзяленне аховы правапарадку «заклікае грамадзян праяўляць пільнасць».