Прэм'ер: Далейшая ізаляцыя Беларусі і Расіі — прыярытэт Латвіі на міжнароднай арэне
Далейшая ізаляцыя і ціск на Расію і Беларусь застануцца адным з прыярытэтаў Латвіі ў міжнародным сэнсе, гаворыцца ў дакладзе прэм'ер-міністра Эвікі Сіліні аб рабоце ўрада, піша Delfi.lv.
Эвіка Сіліня. Фота: Omar Havana / AP
У дакладзе гаворыцца, што работа ў знешняй палітыцы Латвіі працягваецца ў трох прыярытэтных напрамках — умацаванне бяспекі Латвіі і міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, садзейнічанне эканамічнаму росту, устойлівасці і супрацоўніцтву, а таксама абарона інтарэсаў латвійцаў.
Латвійскае знешнепалітычнае ведамства палітычна падтрымлівае Міністэрства абароны і Нацыянальныя ўзброеныя сілы ва ўзмацненні ваеннай прысутнасці саюзнікаў па НАТА і ў рэалізацыі планаў рэгіянальнай абароны НАТА. У дакладзе прэм'ер-міністра зазначаецца, што прыярытэтамі эканамічнага супрацоўніцтва з'яўляюцца прыцягненне замежных інвестыцый і падтрымка экспарту.
Як адзначыла прэм'ер-міністр, напярэдадні саміту НАТА ў Вашынгтоне Латвія працягне выступаць за ўзмацненне ваеннай прысутнасці саюзнікаў у Латвіі і працаваць над далейшай рэалізацыяй рэгіянальных абаронных планаў.