У Нямеччыне судзяць 95-гадовую жанчыну за адмаўленне Халакосту
95-гадовая немка Урсула Гафэрбэк настойвае, што Аўшвіц быў «працоўным лагерам», а не лагерам для масавага знішчэння людзей. Яна адмаўляе факт масавага забойства нацыянал-сацыялістамі габрэяў у Еўропе падчас Другой сусветнай вайны.
7 чэрвеня Гафэрбэк паўстала перад зямельным судом Гамбургу з абвінавачваннем у распальванні міжнацыянальнай нянавісці, піша DW.
12 лістапада 2015 года Гафэрбэк прысудзілі дзесяць месяцаў турэмнага зняволення без права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Жанчына падала апеляцыю на прысуд. І вось амаль праз дзевяць гадоў гэтая справа зноў разглядаецца ў судзе.
Цяперашняя справа тычыцца заяў, зробленых Гафэрбэк у красавіку 2015 году ў часе працэсу супраць эсэсаўца Оскара Грэнінга ў судзе гораду Люнэбургу, а таксама ў тэлевізійным інтэрвʼю. Грэнінг загадваў з верасня 1942 года па кастрычнік 1944 году ў канцлагеры Аўшвіц грашыма і каштоўнымі рэчамі зняволеных.
У ліпені 2015 года суд Люнэбургу прыгаварыў яго да чатырох гадоў пазбаўлення волі за дапамогу ў забойстве не менш як 300 тысяч чалавек. У сакавіку 2018 году, аднак, мужчына памёр у шпіталі, не правёўшы ніводнага дня ў турме.
Паводле пракуратуры, 21 красавіка 2015 года Урсула Гафэрбэк заявіла ў сувязі з гэтым працэсам, што Аўшвіц быў не «лагерам знішчэння», а «працоўным лагерам». У інтэрвʼю для тэлеканала NDR яна таксама сцвярджала, што там не было масавага знішчэння людзей.
Як лічаць гісторыкі, толькі ў канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркенаў былі забітыя 1,1 млн чалавек.
Чытайце таксама:
Улады Рэспублікі Сербскай хочуць перайменаваць Срэбраніцу, каб пазбегнуць напаміну пра генацыд