Літва ўсё ж пачала прапускаць у Беларусь аўтамабілі, маладзейшыя за 5 гадоў
З 4 чэрвеня Літва поўнасцю перастала выпускаць у Беларусь аўтамабілі ва ўзросце да 5 гадоў у незалежнасці ад кошту і аб'ёму рухавіка. Праз тыдзень пасля поўнай блакады некаторыя аўтамабілі пачалі афармляць і выпускаць на экспарт у Беларусь.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Інфармацыя пра тое, што літоўская мытня аднавіла пропуск машын, маладзейшых за 5 гадоў, з'явілася ў адмысловых чатах, прысвечаных перагону аўто з Еўропы і перасячэнню мяжы.
У прыватнасці пакуль выглядае, што мяжу перасякаюць аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка меншым за 1,9 літра. То-бок тыя, што не падпадаюць пад санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расіі.
Той факт, што свежыя амерыканскія аўтамабілі пачалі трапляць у Беларусь, пацвярджае інфармацыя, якую публікуе Белмытсэрвіс.
Па стане на 16 гадзін 13 чэрвеня прынамсі чатыры аўтамабілі са Штатаў, маладзейшыя за 5 гадоў, заехалі ў беларускія пункты мытнага афармлення.
Фота: скрыншот з сайта declarant.by
Гэта два GMC Terrain, адзін Buick Encore і адзін Chevrolet Equinox. Усе машыны прабіваюцца па VIN як маладзейшыя за 5 гадоў з рухавікамі аб'ёмам 1,4-1,5 літра.
Фота: скрыншоты з сайта bid.cars
Днямі ў беларускіх аўтамабільных СМІ, спасылаючыся на інсайдарскую інфармацыю, пісалі, што ў Літве рыхтуецца варыянт рашэння, якое задаволіць калі не ўсіх, то большасць зацікаўленых. У публікацыі адзначалася, што, згодна з данымі крыніц, у Клайпедзе пачала наспяваць праблема з-за таго, што порт не мог прыняць нават дазволеных грузаў у сувязі з банальным недахопам складскіх плошчаў.