БЕЛ Ł РУС

Арыштаваны ў Расіі доктар Мартаў можа знаходзіцца ў віцебскім СІЗА

24.06.2024 / 14:54

Nashaniva.com

Доктара затрымалі 14 мая ў горадзе Мурына Ленінградскай вобласці. Але пра яго далейшы лёс практычна нічога не вядома.

Доктар Мартаў. Фота: Імёны

Праз месяц пасля затрымання Уладзіміра Мартава ў Расіі, у медыцынскай установе, дзе ён працаваў, правялі чарговую паглыбленую праверку. У выніку свае пасады страцілі галоўны доктар Андрэй Захараў, галоўная медсястра Надзея Рыбалка, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Васіль Мусійчук, піша Віцебская вясна.

Праваабаронцы мяркуюць, што ён можа быць у Віцебскім СІЗА.

Былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай медычнай дапамогі знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку. У Беларусі на яго заведзена крымінальная справа за «ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» — за інтэрв'ю замежнаму СМІ, абвешчанаму ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». 

Уладзімір Мартаў пакінуў прафесійную медыцыну ў 2021 годзе — тады з ім не працягнулі працоўны кантракт. Доктара пачалі пераследваць пасля таго, як ён загаварыў у недзяржаўных СМІ пра тое, што статыстыку смяротнасці ад каранавіруса прыхоўваюць, і што ёсць праблемы арганізацыі медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус — у прыватнасці, перабоі з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю бальніцы. Ён сцвярджаў, што праз гэта ў канцы 2020 года памерлі некалькі чалавек, якія знаходзіліся на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, тады як улады запэўнівалі, што ад новай інфекцыі пакуль ніхто не памёр.

Пасля такіх сцвярджэнняў, зробленых Уладзімірам Мартавым у інтэрв'ю незалежным СМІ, у канцы красавіка 2020 года быў звольнены галоўны ўрач Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Сяргей Лазар.

Уладзімір Мартаў пакінуў Беларусь у 2022 годзе — праз некалькі месяцаў пасля таго, як яго асудзілі да арышту на 7 сутак за бел-чырвона-белы сцяжок на аватарцы ў фэйсбуку.

Паводле Радыё Свабода, ён паехаў у «падарожжа», цягам якога ён «спыняўся ў сяброў і выступаў з лекцыямі». Есць верагоднасць, што за гэтае інтэрв'ю, дадзенае прадстаўнікам «экстрэмісцкага фармавання», ці за іншыя выступы на Радыё Свабода супраць яго і была распачатая крымінальная справа.

Чытайце таксама:

Пад Пецярбургам затрымалі вядомага беларускага доктара Уладзіміра Мартава

«Вельмі хацеў бы працаваць у Беларусі»: доктар Мартаў пра помсту за кнігу, жыццё пасля арышту і выезд з краіны

Доктару Уладзіміру Мартаву далі 7 сутак арышту за сцяжок

Каментары да артыкула