У Казахстане Беларусь афіцыйна стала членам ШАС
Беларусь стала паўнапраўным, дзясятым па ліку членам «сям'і ШАС».
Скрыншот відэа tengrinews.kz
Беларусь стала членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Адпаведнае рашэнне падпісана падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Астане, піша БелТА.
Такім чынам, Беларусь стала паўнапраўным, дзясятым па ліку членам «сям'і ШАС».
Аналагічным статусам у арганізацыі валодаюць Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.
«ШАС для Беларусі не проста міжнародная арганізацыя. Гэта стратэгічная перспектыва. Перш за ўсё ў гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным узаемадзеянні, развіцці транспартна-лагістычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і іншай інфраструктуры», — казаў напярэдадні Лукашэнка.
Беларусь удзельнічае ў ШАС з 2010 года ў статусе партнёра па дыялогу і з 2015 года — у статусе назіральніка. У Самаркандзе па выніках Савета кіраўнікоў дзяржаў 16 верасня 2022 года падпісана рашэнне аб пачатку працэдуры ўступлення ў члены арганізацыі. У рамках гэтага працэсу Беларусь далучылася да больш чым 40 дамоваў.
Пасля таго як Беларусь павысіла свой статус у арганізацыі, у шэрагах назіральнікаў засталіся Афганістан і Манголія. Партнёрамі па дыялогу ШАС з'яўляюцца 14 краін: Азербайджан, Арменія, Бахрэйн, Егіпет, Камбоджа, Катар, Кувейт, Мальдывы, М'янма, Непал, ААЭ, Саудаўская Аравія, Турцыя і Шры-Ланка.
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва — пастаянна дзейная міжурадавая міжнародная арганізацыя, аб стварэнні якой было абвешчана 15 чэрвеня 2001 года ў Шанхаі (КНР). Першапачаткова гэта была «шанхайская пяцёрка» — Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Падмуркам для аб'яднання ў рамках ШАС краін з рознымі палітычнымі сістэмамі, традыцыямі і каштоўнасцямі выступілі сфера бяспекі і гандлёва-эканамічныя адносіны.
Агульнай мэтай стала забеспячэнне спрыяльнай міжнароднай абстаноўкі зыходзячы з прынцыпаў «шанхайскага духу», галоўным зместам якога абвешчаныя ўзаемнае давер і выгада, раўнапраўе, узаемныя кансультацыі, павага разнастайнасці культур і цывілізацый, імкненне да сумеснага развіцця.