БЕЛ Ł РУС

Сям'я гомельца, які загінуў паўтара года таму з-за вайсковага грузавіка, дамагаецца кампенсацыі ў судзе

9.07.2024 / 16:47

Nashaniva.com

У Гомельскім абласным судзе 9 ліпеня разглядаецца скарга на рашэнне суда Савецкага раёна па пазове да вайсковай часці аб кампенсацыі маральнай шкоды, заўважыў «Флагшток». Пазоўнікам пазначаны Віктар Каламіец — верагодна, гэта бацька Сяргея Каламійца, які загінуў у канцы 2022 года, урэзаўшыся ў вайсковы «ЗіЛ».

Фота з месца аварыі

Позна ўвечары ў канцы 2022 года на трасе Гомель-Мінск 46-гадовы Сяргей на аўтамабілі «Івека» заехаў у «ЗіЛ», які спыніўся праз тэхнічную няспраўнасць. Ад атрыманых траўмаў кіроўца «Івека» памёр на месцы.

Сяргей не заўважыў, што ў паласе стаяў, мяркуючы па ўсім, без габарытных агнёў і святлоадбівальнікаў, вайсковы грузавік. Гэта транспартна-зараджальная машына на базе ЗіЛ-135ЛМ. Аўтамабіль прызначаны для транспартавання і загрузкі ракет у РСЗА «Ураган». У той перыяд Узброеныя Сілы Беларусі пераганялі тэхніку.

Фатаграфіі ДТЗ з вайсковай машынай першапачаткова размясціла УУС Гомельскага аблвыканкама, але ў хуткім часе выдаліла іх на сваёй старонцы і запатрабавала выдаліць у іншых гарадскіх пабліках.

Блізкія загінулага некалькі месяцаў праз сацсеткі спрабавалі знайсці сведак ДТЗ — яны спрабавалі даказаць, што грузавік Мінабароны не быў пазначаны аварыйнай сігналізацыяй.

У Сяргея засталося двое дзяцей, ён працаваў у транспартнай кампаніі, якая пазначаная ў пазове суадказчыкам. А галоўны адказчык — вайсковая часць 12147 у Асіповічах (51-я гвардзейская артылерыйская брыгада).

Скрыншот раскладу суда

Пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды, які быў пададзены да вайсковай часці, верагодна, не быў задаволены альбо задаволены не ў поўнай меры, і сваякі Сяргея, праз паўтара года пасля яго смерці, працягваюць дамагацца свайго праз суд.

Яшчэ адным ускосным доказам таго, што ў судзе разглядаецца пазоў менавіта па той аварыі, можа служыць фота аўтапарка прадпрыемства «Гаранттрансбізнэс», якое праходзіць суадказчыкам па справе. На паркоўцы фірмы стаяць такія ж «Івека», як і тая, што трапіла ў ДТЗ, а на заднім плане прыкметны аўтамабіль з лагатыпам «Савушкін» — такі ж быў у аўто, з якім адбылася аварыя.

Супаў і нумар вайсковай часці, якая ў тыя дні перакідала тэхніку на Гомельшчыну. За некалькі дзён да аварыі на гэтай трасе фіксаваліся «Ураганы» Асіповіцкай артылерыйскай брыгады. Цяпер гэтая часць выступае адказчыкам.

Чытайце таксама:

Расійскі ваенпрам сур'ёзна завінаваціўся Беларусі. Не дапамагаюць нават суды

У цэнтры Гомеля зладзілі гонкі пад чырвона-зялёным сцягам, ДАІ пакуль не рэагуе

Матацыкл з гомельскімі нумарамі засвяціўся ў відэа з фронту ва Украіне — на ім ехаў расійскі вайсковец

Каля Рэчыцы цыстэрна з палівам рухнула з моста цераз Дняпро

Каментары да артыкула