Выходзіць кніга для дзяцей (і дарослых) «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы»
Яе аўтар — вядомы журналіст Алег Груздзіловіч, які адсядзеў за кратамі 10 месяцаў і выдаў год таму турэмны дзённік. Зараз выдае кнігу фонд «Камунікат».
Фота з фэйсбука Яраслава Іванюка
«Чарговая кніга пайшла ў друк!!!
«Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы» — вершы і малюнкі для дзяцей з дарослымі. Гэта вершы і малюнкі журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча, які ў снежні 2021 года быў арыштаваны за тое, што асвятляў пратэсты», — напісаў у сваім фэйсбуку кіраўнік і стваральнік інтэрнет-бібліятэкі «Камунікат», выдавец з Беластока Яраслаў Іванюк.
Фота з фэйсбука Яраслава Іванюка
«Вершы і малюнкі пра арыштанта дзядзю Віцю, што ўвайшлі ў гэтую кнігу, Алег Груздзіловіч напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў Евы, Сафіі, Кастуся, Аляўціны ды Анатоля, але адтуль частка лістоў не дайшла на волю праз цэнзуру. Пашанцавала з аказіяй перадаць «Прыгоды дзядзі Віці» з магілёўскага СІЗА. Пазней у калоніі ўсе лісты і рукапісы аўтара былі знішчаныя. Старт продажы на Фестывалі «Летуцень» у Кракаве 27 ліпеня!!!» — дадаў Яраслаў Іванюк.
Фота: Радыё Свабода
Алег Груздзіловіч — аўтар кнігі «Мае турэмныя муры», дзе ён апісаў сваё зняволенне. Алег быў затрыманы 23 снежня 2021 года, ён не прызнаў віны і быў асуджаны на 1,5 года зняволення. Адбываў пакаранне ў мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам.
Усе раздзелы ягонай кнігі «Мае турэмныя муры» публікаваліся на сайце «Нашай Нівы».