БЕЛ Ł РУС

У Германіі самалёту давялося сесці ў іншым горадзе праз забарону на начныя палёты. Ён спазніўся ўсяго на 10 секунд 

30.07.2024 / 15:10

Nashaniva.com

Інцыдэнт адбыўся ў суботу ўвечары. Самалёт кампаніі Eurowings вылецеў з Алікантэ ў сталіцу Германіі з затрымкай прыкладна на гадзіну, піша Bild.

Паветранае судна ўжо пайшло на пасадку ў Берліне, аднак рэзка зноў паднялося ў неба і прызямлілася ўжо ў Гановеры, які знаходзіцца на адлегласці амаль трохсот кіламетраў ад сталіцы.

212 пасажырам гэтага рэйса давялося дабірацца да Берліна самастойна.

Рэч у тым, што ў Берліне дзейнічае забарона на начныя палёты — яна ўступае ў сілу з 23:30. Аднак для рэйсаў, якія затрымоўваюцца, існуе выключэнне, якое дазваляе ім прызямляцца да 00:00.

Служба кіравання паветраным транспартам ужо расчысціла ўзлётна-пасадачную паласу для самалёта з Алікантэ, аднак таму не хапіла лічаных секунд, каб здзейсніць пасадку.

«Нягледзячы на ​​затрымку ў той дзень, экіпаж рэйса прыклаў усе намаганні, каб даставіць пасажыраў у аэрапорт прызначэння ў Берлін», — паведаміў прадстаўнік Eurowings.

У авіякампаніі дадалі, што збіраюцца пакрыць выдаткі, якія панеслі пасажыры, дабіраючыся з Гановера ў Берлін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула