БЕЛ Ł РУС

Са дна Дуная ў Сербіі пачалі падымаць Чарнаморскі флот Трэцяга рэйха

9.08.2024 / 16:31

Nashaniva.com

Маштабная аперацыя па ўзняцці са дна Дуная флоту нацысцкай Германіі пачалася ў раёне горада Прахава ў Сербіі. Караблі 80 гадоў таму былі затопленыя, каб не дасталіся Чырвонай арміі, піша Bild.

Фота: vesicg/Instagram

У 1944 годзе нацысцкая Германія хацела эвакуіраваць больш за 200 баявых караблёў і грузавых суднаў Чарнаморскага флоту і Дунайскай флатыліі. Іх планавалі падняць уверх па Дунаі да тэрыторыі Германіі. Але ў жніўні Чырвоная армія выйшла на бераг ракі вышэй па цячэнні і заблакавала праход.

Тады караблі вырашылі затапіць. Так яны і ляжалі на дне ракі да нашых дзён, замінаючы пры гэтым суднаходству. Штогод міма Прахава праходзяць да тысячы суднаў, у тым ліку круізных лайнераў, а пасля засухі лета 2022 года і падзення ўзроўню вады ў рацэ праблема паўстала асабліва востра.

Еўрасаюз выдзеліў на падняцце нямецкіх караблёў 30 мільёнаў еўра. У сераду са дна паднялі першы з іх, а ў найбліжэйшыя месяцы збіраюцца дастаць яшчэ 20. Пасля ў планах падыманне яшчэ каля 80 штук. Асаблівую цяжкасць складае праверка выбухоўкі на борце і яе размініраванне.

Foto: vesicg/Instagram

Сербскія ўлады абяцаюць, што частку патанулага нацысцкага флоту выставяць на ўсеагульны агляд.

Чытайце таксама:

Украінцы патапілі расійскую падводную лодку «Растоў-на-Доне»

Украіна пачала мініраваць шляхі расійскіх караблёў у Чорным моры пры дапамозе дронаў. І гэта дае поспехі

Што адбываецца з кліматам? Такая спёка летам будзе заўсёды?

Каментары да артыкула