БЕЛ Ł РУС

У справе смерці зоркі серыяла «Сябры» Мэцью Пэры з'явіліся абвінавачаныя, іх пяцёра

16.08.2024 / 07:04

Nashaniva.com

Расследаванне выявіла «шырокую падпольную злачынную сетку» пастаўшчыкоў наркотыкаў, якія ў велізарных колькасцях распаўсюджвалі кетамін.

Мэцью Пэры. Фота: Phillip Faraone / Getty Images

Паліцыя Лос-Анджэлеса назвала пяцярых абвінавачаных па справе аб смерці акцёра Мэцью Пэры, найбольш вядомага па ролі ў серыяле «Сябры» і які памёр у канцы кастрычніка мінулага года ад перадазіроўкі наркотыкаў. У іх ліку асабісты памочнік зоркі і двое яго дактароў, піша Бі-бі-сі.

Як заявілі ў прэс-службе паліцыі, пачатае ў маі расследаванне выявіла «шырокую падпольную злачынную сетку» пастаўшчыкоў наркотыкаў, якія ў велізарных колькасцях распаўсюджвалі кетамін.

Цела 54-гадовага Пэры было знойдзена ў яго дома ў Лос-Анджэлесе ў кастрычніку. Праведзеная судова-медыцынская экспертыза паказала наяўнасць у крыві акцёра высокай канцэнтрацыі кетаміну — наркатычнага рэчыва, абарот якога строга кантралюецца дзяржавай, — а перадазіроўка якім і прывяла да смяротнага выніку.

«[Названыя] абвінавачаныя скарысталіся залежнасцю містэра Пэры з мэтай асабістага ўзбагачэння, — заявіў у чацвер пракурор ЗША Марцін Эстрада. — Яны ведалі, што для Пэры іх дзеянні ёсць вялікай небяспекай, але ўсё роўна здзейснілі задуманае».

Трое абвінавачаных, у тым ліку асабісты памочнік Пэры, ужо прызналі сваю віну па абвінавачванні ў захоўванні наркотыкаў.

Двух іншых — аднаго з дактароў кіназоркі і наркадылерку, якая праходзіць пад псеўданімам «Каралева кетаміну», — у чацвер арыштавалі.

Кетамін — магутны абязбольвальны сродак — выкарыстоўваецца ў лячэнні цяжкай дэпрэсіі, трывожнага расстройства і моцных боляў.

Блізкія загінулага акцёра распавялі следчым, што Пэры праходзіў курс інфузійнай тэрапіі кетамінам, аднак апошні сеанс быў праведзены больш чым за тыдзень да яго смерці.

Згодна з заключэннем судмедэкспертаў, перыяд паўраспаду кетаміну ў арганізме чалавека занадта кароткі, а таму на наступствы інфузійных тэрапіі вынік пасмяротных аналізаў спісаць ніяк нельга.

Па словах таксіколага, канцэнтрацыя кетаміну ў арганізме акцёра была параўнальная з аналагічным паказчыкам пры агульнай анестэзіі.

У абвінаваўчым заключэнні, перададзеным у Федэральны суд, падрабязна апісана заблытаная схема набыцця наркотыкаў, якая, на думку абвінаваўцаў, у канчатковым выніку і прывяла да смерці Пэры.

Чытайце таксама:

Памёр амерыканскі акцёр Мэцью Пэры. Ён стаў знакамітым пасля серыяла «Сябры»

Смерць Мэцью Пэры: судмедэкспертыза прыйшла да высновы, што галоўную ролю адыграў кетамін

Вікіпедыя назвала старонкі, якія найбольш праглядаліся ў 2023 годзе

Каментары да артыкула