Гамяльчук працаваў таксістам без правоў. Аказалася, у яго ніколі не было правоў
Яго двойчы судзілі, але ён усё роўна працягваў таксаваць.
Ілюстрацыйны здымак
Жыхар Гомеля працаваў таксістам, не маючы пасведчання кіроўцы. Прычым, як аказалася, ён ніколі не вучыўся ў аўташколе і ніколі не здаваў іспыт там.
Гамяльчанін некаторы час працаваў у Расіі, дзе і купіў вадзіцельскае пасведчанне. Да таго часу яго ўжо двойчы судзілі за п'яную язду без пасведчання, піша «Белка».
У Расіі праблем з падробленым пасведчаннем у мужчыны не ўзнікала. Ён вырашыў, што і ў Беларусі ўсё будзе добра. Гамяльчук стаў таксаваць, пакуль у канцы ліпеня яго не спынілі супрацоўнікі ДПС.
Праверыўшы кіроўцу па базе, інспектар звярнуў увагу, што з яго да гэтага часу не знятыя накладзеныя судом абмежаванні. Машыну адправілі на штрафстаянку.
А ўжо калі гамяльчанін прыехаў за сваім аўто, інспектар вырашыў больш прадметна паразмаўляць аб паходжанні пасведчання.
«Мужчына прызнаўся, што паведчанне купіў у Маскве, а ў аўташколе ніколі не вучыўся. У суд перададзена крымінальная справа, узбуджаная па факце выкарыстання падробленага дакумента», — распавяла старэйшы памочнік пракурора горада Гомеля Марыя Пушкар.