БЕЛ Ł РУС

Маштабны пажар у Палескім лясгасе плануюць патушыць да вечара

10.09.2024 / 14:51

Nashaniva.com

Яго плошча прыблізна складае каля 70 га. Узгаранне вялікае, асноўная частка яго — на балоце.

Фота: Мінлясгас

Тушэнне пажару на Альманскіх балотах плануецца завяршыць да вечара. Пра гэта журналістам распавёў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, каментуючы пажар у Палескім лясгасе (Столінскі раён), які другі дзень тушаць работнікі лясной аховы і МНС, піша БелТА.

Увечары 9 верасня пачаўся буйны лясны пажар на тэрыторыі Рубельскага лясніцтва Палескага лясгаса, на Альманскіх балотах.

«Яго плошча прыблізна складае каля 70 га. Узгаранне вялікае, асноўная частка яго — на балоце. Лясныя землі мы пакуль адстойваем, — распавёў Аляксандр Кулік. — На жаль, некаторыя ўчасткі, дзе ёсць багун, нізкабанітэтная хвоя, не далі нам падступіцца мінулай ноччу. Але, думаю, што сёння да вечара мы гэтыя работы завершым. Самае галоўнае, каб у далейшым наша насельніцтва адказна ставілася да такіх мерапрыемстваў — ёсць часовыя абмежаванні, трэба іх выконваць».

На пажары задзейнічаны 110 чалавек і восем пажарных машын. Асноўная тэхніка — гэта гусенічныя балотаходы, якія найбольш эфектыўныя. Для людзей арганізаваны начлег, харчаванне — усе ўмовы забяспечаны.

Сумесна з МНС было прынята рашэнне аб прыцягненні авіяцыі — гэта два верталёты авіяцыі МНС (Мі-8 і Мі-17), а таксама на гатоўнасці стаіць Мі-26.

«Асноўная частка пажару лакалізаваная, — адзначыў міністр. — Мы на пастаяннай сувязі. Пры неабходнасці далейшага ўзмацнення тэхнікай або людзьмі дапамога будзе неадкладна накіраваная», — падкрэсліў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула