Стала вядома, колькі жыхароў Беларусі звярнуліся да страхоўшчыкаў пасля разбуральнага ліпеньскага ўрагану
Ад непагадзі пацярпела маёмасць як фізічных, так і юрыдычных асоб. Самыя частыя звароты тычыліся пашкоджанняў дамоў.
Скрыншот ілюстрацыйны
Больш за 14 тысяч заяў на кампенсацыю шкоды прынялі беларускія страхавальнікі пасля ліпеньскага ўрагану «Ігар».
Ураган бушаваў на тэрыторыі Беларусі 13-18 ліпеня, вецер з парывамі да 100 метраў за секунду паваліў сотні дрэў, пашкодзіў дамы і машыны, сотні населеных пунктаў тады засталіся без святла і вады. З-за непагадзі загінулі шэсць чалавек.
Самыя частыя звароты да страхоўшчыкаў тычыліся выпадкаў пашкоджання дахаў, падстрэшкаў, сцен, вокнаў, элементаў аздаблення будынкаў і жылых дамоў, піша «Страхаванне ў Беларусі».
Таксама істотную частку зваротаў за страхавой выплатай складалі выпадкі пашкоджання кузава і шклення транспартных сродкаў градам, паваленымі дрэвамі, галінкамі, староннімі прадметамі ў выніку шквалістага ветру, а таксама затапленняў.
Агульная сума страхавых выплат не называецца.