БЕЛ Ł РУС

Жыхарка Вільні не можа нармальна карыстацца банкамі — яна цёзка намесніцы дырэктара падсанкцыйнага завода ў Рагачове

6.10.2024 / 16:55

Nashaniva.com

Алена Цітова не можа перавесці грошы знаёмым, узнікаюць праблемы і з атрыманнем зарплаты.

Алена Цітова. Скрыншот відэа LRT

Жыхарка Вільні Алена Цітова ўжо працяглы час сутыкаецца з праблемамі ў банках. Усё таму, што яе поўная цёзка — беларуска Алена Цітова — уваходзіць у санкцыйныя спісы.

Дзяўчына расказвае, што апошнія два гады ёй даводзіцца літаральна даказваць банкам, што яна іншы чалавек, піша LRT.

«Чалавек, якому я адправіла грошы, паведаміў мне, што атрымаў на электронную пошту ліст ад свайго банка аб тым, што грошы ён не атрымае, паколькі маё імя і прозвішча могуць супадаць з санкцыйнай асобай», — расказала Алена.

У лісце пазначана, што калі чалавек хоча атрымаць перавод ад Алены, ён павінен даслаць копію яе асабістага дакумента, пасведчання або дамовы, у якім будуць пазначаны дата нараджэння і грамадзянства.

Дзяўчыну турбуе, што яе асабістыя даныя павінен адпраўляць іншы чалавек: грошы яна адпраўляе не толькі родным і блізкім сябрам.

Яшчэ адна праблема — атрымліваць грошы з іншых банкаў Алена таксама можа з цяжкасцю. Праз гэта ў яе ўжо ўзнікалі праблемы з атрыманнем заробку.

«Маю выплату замарозілі на адзін месяц, мне давялося тэлефанаваць на працу і ў бухгалтэрыю і тлумачыць сітуацыю», — расказала дзяўчына.

У банку Літвы адзначаюць, што іншага спосабу даказаць, што чалавек не знаходзіцца пад санкцыямі, акрамя як падаць дакумент з асабістымі звесткамі, няма. А вось у таварыстве абароны правоў спажыўцоў лічаць сітуацыю ненармальнай і заклікаюць банкі знайсці іншае рашэнне.

Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра намесніцу дырэктара па камерцыйных пытаннях Рагачоўскага завода «Дыяпраектар» Алену Цітову. Прадпрыемства вырабляе прыцэлы і сістэмы навядзення для бронетэхнікі, уваходзіць у аб'яднанне БелОМА. У санкцыйныя спісы ЗША «Дыяпраектар» і яго кіраўніцтва трапілі за працу на расійскую вайсковую прамысловасць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула