БЕЛ Ł РУС

Пенсіянер з Маладзечна зрабіў лодку з пенаплексу — і патануў

8.10.2024 / 14:10

Nashaniva.com

Самаробнае судна не вытрымала выхаду ў раку.

Фота: СК

Пенсіянер з Маладзечна раніцай 6 кастрычніка адправіўся на рыбалку на Заходняй Бярэзіне на самаробнай лодцы з пенаплексу. Усё скончылася трагедыяй.

Прыкладна а 11:30 рыбак, які знаходзіўся на беразе, пачуў крыкі аб дапамозе. Пайшоўшы на голас, мужчына выявіў толькі самаробную пенаплексавую лодку з пашкоджаным бортам на адлегласці 100 метраў ад берага.

Знайсці самога патанулага не ўдалося, і рыбак выклікаў ратавальнікаў. Праз некалькі гадзін супрацоўнікі МНС знайшлі цела загінулага 66-гадовага мужчыны.

Эксперты, якія прыбылі на месца, узялі пробы вады, а таксама знайшлі самаробную лодку, мабільны тэлефон, рыбалоўныя прыналежнасці і дакументы загінулага, апыталі відавочцаў. Па справе будзе праведзена судова-медыцынская экспертыза, а Следчы камітэт Маладзечанскага раёна высветліць усе абставіны няшчаснага выпадку.

Пенаплекс — матэрыял прыкладна таго ж роду, што і пенапласт, яго выкарыстоўваюць для ўцяплення сцен. У пенаплексу вышэйшая шчыльнасць і трываласць. Аднак гэтага ўсё роўна недастаткова для вырабу лодкі. Акрамя таго, у пенсіянера не было з сабой выратавальнай камізэлькі або круга, што таксама паспрыяла трагедыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула