У Беларусі выбралі расліну 2025 года. На яе тачыла зубы Вольга Бондарава
31.10.2024 / 21:58
Раслінай 2025 года ў Беларусі стане васілёк сіні, паведамілі ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі. Пераможцу выбіралі з дапамогай анлайн-галасавання, у якім мог удзельнічаць любы ахвотны.
Галоўнымі канкурэнтамі васілька гэтым разам былі чабор звычайны і верас звычайны.
Расліну года выбіраюць, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікарослых раслін Беларусі, іх праблем і неабходнасці захавання месцаў, дзе яны растуць.
У Беларусі налічваецца каля 11 відаў васількоў, прыкладна палова — мясцовыя. Радзімай сіняга васілька лічыцца Паўднёвая Еўропа.
Год таму, дарэчы, супраць васілька была моцна апалчылася вядомая даносчыца Вольга Бондарава. Паводле яе дзіўнай логікі, гэтая прыгожая кветка мае дачыненне да нацызму:
«Якія былі сімвалы ў беларускіх нацыстаў пад Гітлерам? БЧБ і васілёк», — заявіла даносчыца, чым выклікала іронію з боку больш памяркоўных прадстаўнікоў праўладнага лагеру.
Раслінай 2024 года была абраная сон-трава.
Чытайце таксама:
«Сколько можно совершать ошибки, товарищи?» Бондарава знайшла новага ворага — васілёк
Кіраўніца гродзенскай «Белай Русі» патроліла Бондараву
«Не ведаеш — не бяры, першае правіла траўніка». Якая на смак беларуская гарбата?