БЕЛ Ł РУС

Украінскаму дэпутату Шаўчэнку, які падтрымліваў сувязі з Лукашэнкам, выставілі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе

14.11.2024 / 17:03

Nashaniva.com

Праваахоўнікі абвясцілі падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе народнаму дэпутату Украіны Яўгену Шаўчэнку. Сярод абвінавачанняў — сувязі з Беларуссю. 

Яўген Шаўчэнка ў Вярхоўнай Радзе Украіны

Служба бяспекі Украіны, Дзяржаўнае бюро расследаванняў і Генпракуратура заявілі, што сабралі доказы дзяржаўнай здрады з боку дзейнага народнага дэпутата Украіны. У паведамленні не называецца імя падазраванага, але абставіны справы паказваюць на Шаўчэнку, які нядаўна заклікаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пачаць перамовы з Расеяй.

Пакуль пракурорамі Генпракуратуры падазраванаму ўнесена хадайніцтва аб абранні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Паводле следства, нанясенне шкоды абараназдольнасці і інфармацыйнай бяспецы Украіны дэпутат пачаў яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ. Так, у 2021 годзе ён апублікаваў няспраўджаную інфармацыю аб адсутнасці пагрозы поўнамаштабнага ўварвання РФ з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Следства таксама ўстанавіла яго кантакты з прадстаўнікамі амбасады Рэспублікі Беларусь пасля выхаду на трыбуну парламента са сцягам гэтай краіны ў верасні 2020 года. 

Паводле матэрыялаў справы, фігурант сістэматычна займаўся інфармацыйна-падрыўной дзейнасцю ў інтарэсах дзяржавы-агрэсара.

Яўген Шаўчэнка атрымаў вядомасць як актыўны прыхільнік Лукашэнкі і лабіст яго інтарэсаў ва Украіне. Ён наведваў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе, дзе ўдзельнічаў у прапагандысцкіх мерапрыемствах і сустракаўся з Лукашэнкам. Пасля гэтага Шаўчэнку выключылі з фракцыі «Слуга народа».

Між тым, кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў пазней прызнаваўся, што ўкраінская разведка выкарыстоўвала сувязі Шаўчэнкі ў вышэйшым кіраўніцтве Беларусі ў сваіх інтарэсах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула