БЕЛ Ł РУС

Расійскага шпіёна падлавілі на гарачым. Ім аказалася 16-гадовая дзяўчына

5.12.2024 / 13:50

Nashaniva.com

Для збору інфармацыі яна выкарыстоўвала таксі.

Затрыманая 16-гадовая расійская шпіёнка. Фота: SBUkr / Telegram

Пра затрыманне 16-гадовай жыхаркі Чарнігава, якая «дапамагала расійскім войскам рыхтаваць новы паветраны ўдар па рэгіёне», у сваім тэлеграм-канале паведаміла Служба бяспекі Украіны.

У задачу шпіёнкі ўваходзілі збор і перадача ворагу важнай разведвальнай інфармацыі пра сістэму абароны Украіны, у прыватнасці пра зенітна-ракетныя комплексы і радыёлакацыйныя станцыі УСУ, якія абараняюць прыгранічны рэгіён.

Для канспірацыі сваіх разведвальных вылазак дзяўчына замаўляла таксі, на якім аб'язджала мясцовасць і таемна фіксавала аб'екты.

Пасля такіх паездак яна вярталася дадому, дзе для свайго расійскага куратара, з якім знаходзілася ў кантакце праз ананімны чат у месенджары, складала агентурную справаздачу — медыяфайл з патрэбнымі геалакацыямі.

Фрагменты перапіскі дзяўчыны з куратарам. Фота: SBUkr / Telegram

Вайсковая контрразведка СБУ раскрыла расійскую агентку, задакументавала яе злачынствы і затрымала «на гарачым», калі яна фатаграфавала абаронны аб'ект.

Падчас вобшуку ў затрыманай быў канфіскаваны мабільны тэлефон з доказамі разведвальнай дзейнасці на карысць Расіі.

Як паведамляецца, на падставе сабраных следчымі органамі доказаў 16-гадовай дзяўчыне, якая знаходзіцца пад вартай, выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве, здзейсненай ва ўмовах ваеннага становішча. Ёй пагражае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці.

Чытайце таксама:

СБУ затрымала ў Малдове аднаго з ідэолагаў уварвання Расіі ва Украіну

Ва Украіне затрымалі агента ГРУ, які быў камандзірам аднаго з падраздзяленняў УСУ

«Еўропа выгнала шпіёнаў Уладзіміра Пуціна. Цяпер яны вяртаюцца» — The Financial Times

Каментары да артыкула