БЕЛ Ł РУС

«Лукашэнка — яснавідзец!» Што за серыял ідзе на СТБ

8.12.2024 / 20:44

Nashaniva.com

Прапаганда са скуры лезе, каб паказаць Лукашэнку блізкім да народу. Даходзіць да абсурду.

Вокладка аднаго з выпускаў перадачы «Свои». Скрыншот YouTube / CTVBY

Паўгода таму на СТБ стартавала праграма «Свои» — пра людзей, якія ў розны час сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Да гэтага часу выйшла 27 выпускаў.

Кожны выпуск пачынаецца з характэрнага кадра: эпізоду сустрэчы Лукашэнкі з работнікамі Мінскага завода колавых цягачоў у жніўні 2020 года. Апрацоўка кадраў робіць твары людзей у натоўпе цяжкапазнавальнымі, ператвараючы іх у абстрактную масу. У цэнтры — Лукашэнка, які ўзвышаецца над натоўпам і, падобна Ісусу, супакойвае буру на моры.

Пастаянны элемент кожнага выпуску — на пачатку стылізаваны эпізод сустрэчы Лукашэнкі з работнікамі МЗКЦ у жніўні 2020 года. Скрыншот YouTube / CTVBY

Затым — шэраг кадраў, якія дэманструюць гармонію і адзінства Лукашэнкі і простых людзей. Тут ён косіць траву, там крочыць наперадзе маладых людзей, пасля паказваюць, як ён перадае дзіцяці невялікую бутэлечку і жвава нешта тлумачыць, а потым — як па-панібрацку паціскае руку селяніну.

Усё гэта падводзіць да кадра, дзе Лукашэнка сядзіць сярод вяскоўцаў, у іх у руках — граблі і косы, а на экране з’яўляецца назва: «Свои». Гэтая назва рэгулярна ператвараецца ў «Свой», дзе птушачка над «й» каларыстычна імітуе неасавецкі сцяг, які быў вернуты Лукашэнкам у 1995 годзе.

Вокладка аднаго з выпускаў перадачы «Свои». Скрыншот YouTube / CTVBY

Просты агляд загалоўкаў ды адрэдагаваных цытат стварае змешанае адчуванне: смехатворна-драматычнае. З 27 выпускаў, што выйшлі да гэтага часу, вымалёўваецца патройны вобраз Лукашэнкі: член сям’і і блізкі сябар, нацыянальны кумір і… звышнатуральная постаць.

Прывядзем самыя дзіўныя загалоўкі.

«Еў з Лукашэнкам суп з аднаго гаршка!»

«Лукашэнка — яснавідзец!»

«Лукашэнка трымаў яе дзіця на руках»

«Двойчы спрачаўся з Лукашэнкам!»

«Упаў на калені перад Лукашэнкам!»

«Яго шашлык ацаніў Лукашэнка»

«Лукашэнка на каленях у шахце»

Вокладка аднаго з выпускаў перадачы «Свои». Скрыншот YouTube / CTVBY

Некаторыя выпускі закранаюць балючыя тэмы: пра жанчыну, што перажыла нацысцкія злачынствы, дзяцей з цяжкімі хваробамі або хлопчыка, які выратаваў брата з пажару і сам пацярпеў.

Здавалася б, такія тэмы не павінны выкарыстоўвацца ў прапагандысцкіх мэтах. Але не — стварэнне культу важнейшае за ўсё.

Праграма «Свои», відавочна, ёсць спробай аспрэчыць уяўленні пра ізаляванасць і аддаленасць Лукашэнкі ад народа, паказваючы яго ў простых і зразумелых кантэкстах. 

Чытайце таксама:

Прапаганда казала, што Польшча зайздросціць Беларусі, бо ў яе няма касманаўта. Хутка будзе, і гэта сапраўдны навуковец

Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?

Прапагандысты прачыталі новую лекцыю за Лукашэнку пад назвай «Дыктат? Ура!»

Што хаваецца за «смелымі пытаннямі» студэнтаў Лукашэнку?

Каментары да артыкула