Бацька падазраванага па справе забойства ў Варшаве беларускі Лізы стаў на калені перад сынам у судзе
Другое паседжанне па справе аб згвалтаванні і забойстве беларускай Лізы прайшло 16 снежня ў раённым судзе Варшавы. Прысуд абвінавачанаму 23-гадоваму Дорыяну С. можа быць абвешчаны ў студзені, піша Most.
Пасяджэнне прайшло за зачыненымі дзвярыма. Суд дапытваў экспертаў: сэксолага, псіхіятра і таксіколага, а таксама сведак, пра выступ якіх хадайнічала абарона абвінавачанага. Сярод іх быў бацька Дорыяна С. Яму абвінавачаны выслаў смс з просьбай аб дапамозе адразу пасля здзяйснення злачынства.
Падчас перапынку ў судовым пасяджэнні, калі паліцэйскія выводзілі Дорыяна з залы суда, бацька знаходзіўся ў калідоры. Верагодна пад уздзеяннем эмоцый, ён стаў на калені перад сынам. Пасля гэтага яго папрасілі адысці далей ад залы суда. Разам з бацькам была бабуля Дорыяна С.
Прадстаўніца пацярпелага боку — сям'і і хлопца Лізы — адвакат Эвеліна Здунек распавяла журналістам, што пракуратура запатрабуе для абвінавачанага пажыццёвага зняволення. Яна гатовая падтрымаць гэтае патрабаванне:
— Гэта незвычайна цяжкае злачынства, якое патрабуе сапраўды жорсткай рэакцыі з боку органа правасуддзя. Прашу мець на ўвазе, што пакаранне павінна ўздзейнічаць не толькі на абвінавачанага, але таксама і на грамадства. А з боку грамадства сапраўды ёсць такое чаканне [суровага пакарання], — сказала адвакатка журналістам.
Планавалася, што на пасяджэнні 16 снежня будуць прамоўленыя і заключныя прамовы, аднак суд зацягнуўся праз допыты экспертаў. Наступнае пасяджэнне прызначана на 13 студзеня 2025 года. Магчыма, прысуд абвесцяць ужо ў студзені.