БЕЛ Ł РУС

Жыхару Мазырскага раёна далі пажыццёвае за жорсткае забойства суседскай пажылой пары

27.12.2024 / 10:17

Nashaniva.com

Гомельскі абласны суд вынес прысуд у дачыненні да 36-гадовага жыхара Мазырскага раёна, які прызнаны вінаватым у забойстве дваіх пенсіянераў, крадзяжы і падпале, піша «Гомельская праўда».

Фота: Гомельская праўда

Па матэрыялах справы, абвінавачаны пражываў па суседстве з пацярпелымі мужам і жонкай. Напрыканцы лютага ён пазычыў у пенсіянеркі 3000 расійскіх рублёў (каля 30 даляраў), паабяцаўшы вярнуць праз некалькі дзён. Раніцай 4 сакавіка мужчына прыйшоў да суседкі, каб папрасіць адтэрміноўку, бо грошай у яго не было. Падчас размовы жанчына абурылася.

Сусед схапіў металічны шуфлік і некалькі разоў ударыў ім пенсіянерку па галаве і тулаве. Ён таксама біў яе нагамі і іншымі прадметамі. Усяго нанёс жанчыне не менш за 11 удараў. На крыкі з пакоя выйшаў муж на якога мужчына таксама напаў.

Калі пенсіянеры перасталі падаваць прыкметы жыцця, абвінавачаны абшукаў дом і выкраў кашалёк з 6000 расійскіх рублёў, 105 далярамі і 10 беларускімі рублямі. Каб знішчыць сляды злачынства, ён падпаліў рэчы ў трох пакоях і сышоў.

Экспертыза паказала, што жанчына памерла на месцы ад атрыманых траўмаў, а яе муж загінуў ад атручэння чадным газам. Пажарам было знішчана і пашкоджана маёмасць пацярпелых.

Абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула