«Два разы штурхнеш — і катаешся хвілін 15!». Гарадзенец ператварыў легкавік у незвычайныя арэлі
Старыя «Жыгулі» атрымалі другое жыццё. Незвычайную канструкцыю ў адным з двароў Зарыцы заўважылі чытачы Newgrodno.by.
Фота: Newgrodno.by
Кузаў ад машыны гаспадар ператварыў у … арэлі! Як тут устрымацца і не паспрабаваць пракаціцца на такім унікальным атракцыёне? Мечыслаў, гаспадар хаты, здзіўляецца ўвазе.
Маўляў, дзіўна, што заўважылі толькі цяпер. Гісторыя гэтая, кажа ён, мае ўжо шмат гадоў. Калісьці сябра прыгнаў да яго ў двор «Жыгулі» 11-й мадэлі. «Кажа, на лецішчы месца мала, хай пастаіць у цябе. Я пагадзіўся», — успамінае Мечыслаў.
Так прайшло некалькі гадоў. Машынай сябра не карыстаўся, яна літаральна ўрастала ў зямлю.
«Мне стала шкада. Звярнуўся да яго, прапанаваў даць машыне другое жыццё. Сябра не пярэчыў», — расказвае мужчына. Ён прызвычаіўся, што ўсё для гаспадаркі лягчэй зрабіць самому, чым, напрыклад, купляць гатовае. Вось і тут увасабляў ідэю ў жыццё сваімі рукамі.
Фота: Newgrodno.by
Спачатку машыну аблегчылі: знялі рухавік, адрэзалі пярэднюю частку кузаву, але «твар» з фарамі, бамперам і рашоткай радыятара для прыгажосці прыварылі пад лабавым шклом. Здаецца, такі падыход дазволіў дасягнуць добрага балансу. У бетонны фундамент усталявалі апоры, а машыну падвесілі на іх ланцугамі.
«Вага атрымалася каля 700 кілаграмаў. Але дастаткова штурхнуць літаральна два разы — і будзеш катацца хвілін 15 дакладна», — паказвае, як працуюць арэлі, Мечыслаў.
Ён успамінае, што дзеці, а потым і ўнукі шмат часу праводзілі на гэтых арэлях. Часам нават даводзілася дзяліць чаргу. А цяпер усе выраслі, таму «Жыгулі» «катаюцца» ўсё радзей.
Фота: Newgrodno.by
«Але здымаць яе не планую. Хто ведае, можа хутка з’явяцца праўнукі, і будзе забава і для іх», — усміхаецца мужчына.