БЕЛ Ł РУС

Адвакатам Аляксея Навальнага далі ад 3,5 да 5,5 гадоў калоніі па справе аб удзеле ў «экстрэмісцкай» супольнасці

17.01.2025 / 10:39

Nashaniva.com

Петушынскі суд Уладзімірскай вобласці скончыў разглядаць справу супраць былых адвакатаў Аляксея Навальнага — Вадзіма Кобзева, Аляксея Ліпцара і Ігара Сергуніна. Усіх трох абвінавачвалі па артыкуле аб удзеле ў «экстрэмісцкім» Фондзе барацьбы з карупцыяй, піша «Медыязона».

Фота: Медыязона

Суд прызначыў 3,5 года Ігару Сяргуніну, 5 гадоў Аляксею Ліпцару і 5,5 года Вадзіму Кобзеву.

Усім тром забаронена займацца адвакацкай дзейнасцю на працягу трох гадоў пасля адбыцця тэрміну.

Па версіі следства, адвакаты Навальнага, «выкарыстоўваючы свой статус», перадавалі лісты палітыка з калоніі ягоным паплечнікам, такім чынам «забяспечваючы рэгулярную перадачу інфармацыі паміж кіраўнікамі і ўдзельнікамі экстрэмісцкай супольнасці». Такім «супольнасцю» расійскія ўлады яшчэ ў чэрвені 2021 года абвясцілі структуры Аляксея Навальнага, у тым ліку ФБК.

Яшчэ ў верасні суддзя Юлія Шылава вырашыла, што працэс пройдзе ў закрытым рэжыме — з Цэнтра «Э» ў суд паступіў ліст аб «правакацыях», якія нібыта рыхтаваў ФБК. Як пракуратура даказвала віну адвакатаў Навальнага, дакладна невядома; журналісты не змаглі пачуць нават апошнія словы абвінавачаных.

Вядома толькі, што Вадзіму Кобзеву абвінавачванне запытала 5 гадоў і 11 месяцаў пазбаўлення волі, Аляксею Ліпцару — 5 гадоў і 10 месяцаў зняволення, а Ігару Сергуніну — 5 гадоў і 6 месяцаў калоніі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула