Кіраўнік МАРГ распавёў, што гандлю варта ўспомніць з савецкага мінулага
Новы кіраўнік МАРГ Артур Карповіч сказаў, што хаця беларускі гандаль захаваў усё лепшае з савецкага часу, але ёсць да чаго імкнуцца, і падзяліўся сваім уяўленнем пра савецкі гандль.
Аднастайныя пірамідкі кансерваў, слоікаў і бутэлек, а таксама часцяком хамаватыя прадаўшчыцы сталі тварам савецкага гандлю
Што з савецкага вопыту трэба пераняць цяперашнім аб'ектам гандлю, пералічыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч, піша БелТА.
«Усмешлівыя прадаўцы з адкрытай душой сустракалі грамадзян у гандлёвых аб'ектах, аб'ектах грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Можа быць, сённяшнія аб'екты гандлю таксама павінны стаць крыху больш душэўнымі? — задаўся пытаннем кіраўнік МАРГ. — Усё лепшае, што было ў савецкім гандлі, канцэптуальна захавалася і ў беларускім, у нас не было карэннай ломкі пасля савецкага перыяду. Але мінулы час карэктывы ўнёс».
Новы кіраўнік ведамства заявіў, што выступае як за рост даходаў работнікаў гандлю, так і за павышэнне даходнасці айчынных вытворцаў, якія працуюць у адным звязку.
Артур Карповіч падкрэсліў, што гандаль бессэнсоўны без якасных спажывецкіх тавараў, прадстаўленых у шырокім асартыменце, і пажадана, калі яны будуць беларускага выпуску.
«Цалкам адмовіцца ад імпарту немагчыма, у нас рыначная эканоміка. Разам з тым мы павінны большы націск рабіць на рэалізацыю тавараў уласнай вытворчасці. На гэтым завязаны і незалежнасць дзяржавы, і развіццё нашага прамысловага сектара», — сказаў Артур Карповіч і заўважыў, што доля тавараў айчыннай вытворчасці на паліцах зніжаецца, прычым як харчовых, так і нехарчовых.
Што да выпрацоўкі формулы справядлівага цэнаўтварэння, якую беларускім чыноўнікам даручыў прыдумаць Аляксандр Лукашэнка, то, на думку Карповіча, тут важна не проста прыняць рашэнне і пакласці яго на паперу, а зрабіць так, каб у выніку не пацярпеў ні гандаль, ні вытворца, ні спажывец. Праца вядзецца, сказаў ён.
Міністр таксама зазначыў, што аб'ектаў гандлю ў краіне дастаткова, і сацыяльныя стандарты па наяўнасці гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў бытавога абслугоўвання выконваюцца.
«Ёсць шурпатасці ў абслугоўванні насельніцтва ў сельскай мясцовасці. Гэта пытанні, якія леглі на плечы ў першую чаргу нашай спажывецкай кааперацыі. Развіццю гэтага напрамку неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу», — падсумаваў Артур Карповіч.