БЕЛ Ł РУС

«Дзмітрый — 25 рублёў». Мужчына з вуліцы зноў збірае грошы ў мінчан

21.01.2025 / 9:19

Nashaniva.com

На мінулым тыдні да Дзмітрыя на вуліцы падышоў іншы Дзмітрый — не проста так, а таму што тэрмінова спатрэбіліся грошы, 25 рублёў. Схема нагадвае тую, пра якую пісалі крыху больш за год таму: супадае нават нумар тэлефона, піша Onliner.by.

Ілюстрацыйнае фота

Усё адбылося ў сталічнай Малінаўцы. Да Дзмітрыя падышоў незнаёмец і папрасіў 25 рублёў на бензін — вельмі трэба, а грошы ён абяцаў вярнуць увечары.

— Чалавек вельмі настойліва прасіў, а я даверлівы, схільны бачыць у людзях толькі добрае і верыць. Ён прасіў на бензін, бо трэба тэрмінова запраўляць машыну, з’ездзіць да бацькоў і гэтак далей, — апісвае чытач.

Дзмітрый перавёў грошы на карту, незнаёмец пакінуў свой нумар тэлефона. Але прайшло некалькі дзён, мужчына з вуліцы нічога не вярнуў, хоць наўпрост ад гэтага не адмаўляўся — проста быў заняты, захварэў.

Тады і ўзніклі падазрэнні: ці то серыйнаму зборшчыку грошай патрэбна медыцынская дапамога, ці то гэта добра прадуманая схема з разлікам на тое, што ніхто не захоча праз 25 рублёў уступаць у доўгія разборкі.

Дарэчы, апошняе працуе: Дзмітрый таксама нікуды не звяртаўся, бо часу на гэта няма. Ён лічыць, што лепш, калі звернуцца некалькі пацярпелых, калі яны ёсць, тады і агульная сума доўгу будзе іншай.

— Гэтыя 25 рублёў для мяне нічога не значаць, проста хочацца, каб чалавек больш нікому не нашкодзіў.

Пра чалавека, які прадстаўляўся Дзмітрыем і прасіў грошы на бензін, пісалася ў кастрычніку 2023 года. Тады легенда была падобнай, але сумы розныя — 15, 20, 30 рублёў. Людзі, якія давалі грошы, звычайна стамляліся на стадыі перапіскі і потым спынялі дыялог з Дзмітрыем.

Нумар тэлефона ў гэтых гісторыях супаў, ён заканчваецца на 65—70, стылістыка паведамленняў таксама вельмі падобная. Зараз гэты нумар не адказвае на ўваходныя званкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула