БЕЛ Ł РУС

«Мяне проста вывезлі на мяжу». Прарасійскага блогера амаль на месяц закрылі ў ізалятар, а пасля выкінулі з Беларусі

13.02.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Аляксей «Казка» Каваленка правёў 25 дзён за кратамі, але не крыўдзіцца на беларускіх сілавікоў.

Аляксей «Казка». Скрын з яго тыктоку

Аляксей «Казка» Каваленка — прарасійскі блогер, якога пакідала паміж рознымі краінамі. Спроба асесці ў Беларусі скончылася правалам. Магчыма, праз украінскі пашпарт.

Каваленка нарадзіўся ў расійскім Нарыльску, але ў 1990-х яго сям'я пераехала ва ўкраінскі Дняпро. Там ён скончыў універсітэт, працаваў у сферы перапрацоўкі металалому і другасных палімераў. А ў 2016 годзе перабраўся ў Польшчу.

Калі ва Украіне пачалася вайна, Каваленка рушыў назад, у Расію.

«Апошнія месяцы яго пражывання ў Польшчы, са слоў блогера, сталі, мякка кажучы, напружанымі — узнікла прамая пагроза жыццю з боку польскіх і ўкраінскіх спецслужбаў, якія палююць на тых, хто нясе праўдзівую інфармацыю, і ў прамым сэнсе слова ліквідуюць іх», — драматычна апісвала яго прыгоды дзяржаўная «Гродзенская праўда».

Тады «Казка» вырашыў праз Беларусь паехаць у Расію, дзе ён як рэпатрыянт змог бы па спрошчанай схеме атрымаць расійскае грамадзянства.

«[Планую] арганізаваць сумесны медыябізнэс са знаёмымі расійскімі блогерамі. І вярнуцца ў Беларусь, каб тут жыць. Мару наведаць як мага больш вашых гарадоў, вёсак, паглядзець вашы замкі, іншыя славутасці», — дзяліўся ён планамі з беларускімі прапагандыстамі.

Аднак нядаўна блогер знік у Мінску. У яго сацсетках не было ролікаў, але праз пэўны час ён аб'явіўся і патлумачыў, што з ім адбывалася. 

«Вы можаце ўбачыць мяне зламаным, вы можаце ўбачыць мяне якім заўгодна, але вы ніколі не ўбачыце мяне тым чалавекам, які здаўся. Тое, што ў маім жыцці адбылося ў апошні час… Нічога страшнага ў гэтым няма. Пасядзеў. Павінен быў выехаць з Беларусі, але ў мяне няма дэпартацыі, каб вы разумелі. Мяне проста вывезлі на мяжу», — расказаў Аляксей у тыктоку. 

Пасля ён запісаў яшчэ адно відэа, у якім патлумачыў, што яго «выдварылі з Беларусі», бо ён правёў на тэрыторыі краіны больш за 90 дзён. Па яго словах, улады адмовілі яму ў дадатковай абароне. 

«Там спецслужбы працуюць вельмі канкрэтна. І калі ў іх ёсць хоць нейкі найменшы сумнеў у табе — а ўва мне яны былі, таму што ўкраінец, які пражыў 8 гадоў у Польшчы, вядомы, прыехаў у Беларусь… У людзей былі пытанні, разумееце? Таму мне адмовілі ў дадатковай абароне, адвезлі на мяжу, і я з'ехаў. Усё, тут няма нічога ваеннага», — расказаў ён у відэа ў тыктоку. 

Каваленка адзначаў пры гэтым, што ў Беларусі «спецслужбы працуюць вельмі добра», таму там так спакойна і мірна.

У сваім тэлеграм-канале блогер напісаў, што адседзеў 25 дзён. Апошні ролік у тыктоку Аляксей здымаў з Берліна.

Нядаўна «Наша Ніва» пісала, што ў Мінску знік яшчэ адзін прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды Уладзімір Паньчак-Шарамета. Наколькі вядома, ён затрыманы.

Чытайце таксама:

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды

Блогер, на якога пісала даносы Вольга Бондарава, апублікаваў сумесны здымак з Колем Лукашэнкам

Выйшла відэа, на якім спалоханы кіраўнік нацысцкага атрада «Русіч» дрыжыць у абдымках кадыраўцаў

Каментары да артыкула