Ціханоўская сустрэлася з амерыканскім чыноўнікам, які прыязджаў у Мінск па палітвязняў
13.02.2025 / 21:31
Святлана Ціханоўская паведаміла пра сваю сустрэчу ў Вільні з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы Крыстаферам Смітам, які ўчора прыязджаў у Мінск для таго, каб забраць адтуль вызваленых палітвязняў Алену Маўшук і Андрэя Кузнечыка, а таксама грамадзяніна ЗША, імя якога дагэтуль невядомае.
Святлана Ціханоўская і Крыстафер Сміт. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
«Я падзякавала спадару Сміту за яго намаганні, за ўзаемадзеянне і каардынацыю з Офісам, і перадала асабістую ўдзячнасць прэзідэнту Трампу і дзяржсакратару Рубіа: менавіта дзякуючы іх палітычнай волі гэта стала магчымым», — паведаміла Ціханоўская.
Яна выказала радасць з той нагоды, што «ў нас завязваюцца даверлівыя адносіны з новай амерыканскай адміністрацыяй, і ўчора мы пабачылі канкрэтныя вынікі гэтага супрацоўніцтва». Крыстафер Сміт жа запэўніў Ціханоўскую, што за ўчорашнія вызваленні амерыканскі бок не зрабіў рэжыму Лукашэнкі ніякіх саступак.
«Нашая мэта — каб усе выйшлі на свабоду, каб былі спыненыя рэпрэсіі. Гэта неабходная ўмова, каб мог пачацца нацыянальны дыялог. І я бачу, што з амерыканскага боку ёсць жаданне і гатоўнасць нам у гэтым спрыяць», — падкрэсліла Ціханоўская.
Акрамя пытання палітвязняў, яна размаўляла з Крыстаферам Смітам таксама пра працяг Стратэгічнага дыялогу і ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне, асабліва ў кантэксце бягучых перамоў па Украіне.
«Нельга дапусціць, каб Беларусь стала «суцяшальным прызам» для Расіі, і трэба рабіць усё магчымае, каб вывесці Беларусь з вайны», — заявіла дэмакратычная лідарка.
Чытайце таксама:
Дарадца Ціханоўскай расказаў, як ён разам з Вячоркам сустракаў вызваленую Алену Маўшук
Амерыканцы забралі з беларускай турмы журналіста Андрэя Кузнечыка і яшчэ двух палітзняволеных
Святлана Ціханоўская ўпершыню выступіць на галоўнай сцэне Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы