Палітзняволены журналіст Карней схуднеў за кратамі на 15 кг і мае праблемы з сэрцам
18 лютага ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца разгляд апеляцыі палітвязня, былога журналіста «Радыё Свабода» Ігара Карнея.
У снежні 2024 года Шклоўскі раённы суд дадаў Ігару Карнею яшчэ 10 месяцаў зняволення за «непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 Крымінальнага кодэкса) у дадатак да 3 гадоў калоніі, якія яму прысудзіў суд Мінска ў 2024 годзе.
Акрамя таго, журналісту прысудзілі штраф 20 тысяч рублёў. Ігар Карней абскардзіў прысуд.
Ігар Карней адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, а са снежня 2024 года знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА.
Паводле дасведчанай крыніцы, з магілёўскага СІЗА палітвязня на некалькі дзён прывозілі ў СІЗА КДБ у Мінску, адкуль яго зноў вярнулі ў Магілёў.
«Пісаў, што ў СІЗА КДБ трапіў да лекара, там паслухалі сэрца, пацвердзілі, што не вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янку. Яшчэ напісаў, што пасля шклоўскай калоніі схуднеў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве», — паведаміла крыніца пра Ігара Карнея.
Паводле крыніцы, на ўмовы ў камеры ён не скардзіцца, шмат чытае і размаўляе з сукамернікамі.
З палітвязнем Ігарам Карнеем няма тэлефоннай сувязі, але лісты ад яго даходзяць.
Адзін з апошніх адрасаваны дочкам, якіх у Ігара чатыры.
«Дарагія дачушкі! Самае вялікае маё жаданне вельмі простае: каб вас у самастойным жыцці любілі, цанілі і паважалі — гэтак жа, як мы з мамай. Спадзяюся, што так і будзе, бо вы заслужылі толькі ўзнёслае стаўленне — прыгожыя, таленавітыя, спагадлівыя. Я, у сваю чаргу, за сваю «камандзіроўку» па розных установах шматразова пераканаўся, што такой дружнай вялікай сям’ёй няма каму і пахваліцца. Так што ўжо на гэтым этапе ня будзе перабольшваннем адрапартаваць пра поспех нашай агульнай місіі, хоць для вас, безумоўна, усё самае цікавае і насычанае яшчэ наперадзе. Удачы і асалоды на ўсім шляху», — пажадаў Ігар сваім дочкам Паліне, Ганне, Аляксандры і Еве.
Дочкі і жонка Ігара Карнея Іна пасля ягонага арышту выехалі за межы Беларусі.