БЕЛ Ł РУС

Чаму ўлады хочуць выціснуць былых палітзняволеных за мяжу?

19.02.2025 / 20:5

Nashaniva.com

Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі намякнуў, што адной з умоваў для вызвалення знакавых палітвязняў у перамовах з ЗША можа быць іх абавязковы выезд за мяжу. Але, як бачым, нават санітарцы з Пінска Алене Маўшук не далі застацца ў краіне пасля вызваленне і адвезлі да мяжы. «Наша Ніва» спытала ў аналітыка Валера Карбалевіча, чаму рэжым абраў такую тактыку.

Аляксандр Лукашэнка хоча задушыць любое вольнадумства ў краіне. Фота: AP/Pavel Bednyakov

Ідэя не новая

Прымусовы вываз апанентаў для рэжыму Лукашэнкі — практыка не новая. Яскравыя прыклады такім дзеянням — вываз Святланы Ціханоўскай у 2020-м. 

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч адзначае, што ў былых палітвязняў, па вялікім рахунку, асабліва няма іншага выбару, акрамя як выехаць за мяжу.

«Над імі стаіць жорсткі кантроль, іх увесь час цягаюць і не даюць спакойна жыць. Ёсць шмат выпадкаў, калі былых палітвязняў садзілі паўторна. Акрамя гэтага, такім людзям вельмі складана працаўладкавацца, бо іх нідзе не прымаюць», — адзначае аналітык.

Карбалевіч мяркуе, што ўладам прасцей выціснуць чалавека з краіны, чым выдаткоўваць рэсурсы на тое, каб пільна сачыць за ім і быць упэўненымі, што ён зноў не пачне весці пратэсную дзейнасць.

Валер Карбалевіч. Фота: «Наша Ніва»

Альтэрнатывай можа быць толькі публічнае раскаянне

Аналітык адзначае, што ўлады бачаць толькі два месцы для нелаяльных да іх: або яны знаходзяцца за мяжой, або сядзяць за кратамі.

«У краіне не павінна заставацца людзей з апазіцыйнымі поглядамі. У іх такая логіка. Альтэрнатывай, бадай, можа быць толькі публічнае раскаянне, і тады, магчыма, цябе прымуць.

Калі ў краіне фармуецца таталітарная сістэма, то такім людзям проста няма месца ў ёй. Тым больш, калі гаворка ідзе пра нейкія знакавыя фігуры.

Уявіце, што Віктар Бабарыка выходзіць на свабоду — і тут да яго вялікая цікавасць. Замежныя журналісты могуць да яго прыязджаць, пачынаюць аднаўляцца нейкія сувязі. Навошта ўладам такі клопат? Таму ім лепш выціснуць чалавека за мяжу», — тлумачыць логіку лукашыстаў аглядальнік.

Улады выбіраюць меншую з праблем

Пры гэтым Карбалевіч не адмаўляе, што вываз знакавых асоб за мяжу таксама мае свае мінусы, паколькі такія людзі пачынаюць актыўна раздаваць інтэрв'ю і выступаць супраць рэжыму.

Але гэта аналітык называе меншай праблемай для ўладаў, бо чым менш апанентаў Лукашэнкі знаходзіцца ў краіне, тым лепш для рэжыму.

«Калі ўлады сапраўды маюць нейкія дамоўленасці і хочуць размарозіць адносіны з Захадам, то для іх гэта даволі простае выйсце. Яны выпускаюць чалавека з турмы, нібыта выконваюць свае абавязкі, але пры гэтым адразу вывозяць яго з краіны».

Кажучы простымі словамі, улады ставяцца да сваіх апанентаў у стылі: няма чалавека ў краіне — няма праблемы.

Замежныя акцыі таксама не даюць Лукашэнку спакою 

Пры гэтым Валер Карбалевіч лічыць, што нельга сцвярджаць, што ўлады не хвалюе тое, што беларусы робяць за мяжой.

«Яны змагаюцца з актыўнасцямі, якія адбываюцца за мяжой, бо мы бачым, якія рэпрэсіі яны чыняць у адносінах да людзей, якія выходзілі на акцыі за мяжой. Безумоўна, уладу гэта хвалюе, і яны даволі эфектыўна з гэтым змагаюцца — заводзяць крымінальныя справы, пагражаюць сваякам.

Акцыя 26 студзеня 2025 года ў Варшаве. Фота: Vasily Krestyaninov SOPA Images LightRocket via Getty Images

Такія актыўнасці нават за мяжой для Лукашэнкі непрыемныя. Але калі рэжым стаіць перад дылемай — лепш выціснуць за мяжу і, магчыма, атрымаць у будучыні ад гэтага нейкія дывідэнды, напрыклад, у выглядзе змякчэння санкцый, — то ўлады выбіраюць меншае зло.

Бо я згодны з меркаваннем, што калі і будуць перамены, то яны хутчэй за ўсё будуць выкліканыя знутры краіны, паколькі ўплыў на ўнутрыпалітычную сітуацыю людзей з-за мяжы змяншаецца. Гэта натуральны працэс, незалежна ад таго, колькі той ці іншы чалавек дасць інтэрв'ю».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула