ХАМАС перадаў Ізраілю целы чатырох закладнікаў, сярод іх двое дзяцей
Целы 33-гадовай Шыры Бібас, яе сыноў — пяцігадовага Арыэля і двухгадовага Кфіра, а таксама 83-гадовага Адэда Ліфшыца перадалі прадстаўнікам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа на поўдні сектара Газа.
Сям'я Бібаса была выкрадзена 7 кастрычніка 2023 года з кібуца Нір-Оз. Муж Шыры, Ярдэн Бібас, быў вызвалены 1 лютага 2025 года ў рамках здзелкі паміж ХАМАС і Ізраілем. Пасля вызвалення ён паведаміў, што не меў інфармацыі пра лёс сваёй жонкі і дзяцей.
На момант выкрадання Кфіру — самаму малодшаму з усіх закладнікаў ХАМАС — было ўсяго дзевяць месяцаў, а яго брату Арыэлю — чатыры гады. Іх выкралі жывымі.
Прычыны іх смерці вызначыць экспертыза.
Перадача целаў суправаджалася прапагандысцкай акцыяй з боку ХАМАС.
Баевікі павесілі плакаты, на якіх былі намаляваныя загінулыя закладнікі і прэм'ер-міністр Ізраіля Бінямін Нетаньяху ў вобразе вампіра. Побач з трунамі былі размешчаны надпісы: «Ваенны злачынец забіў іх ракетамі» і «Вяртанне да вайны — вяртанне выкрадзеных у трунах».