БЕЛ Ł РУС

«Зяленскі спаў»: Трамп заяўляе, што ў Кіеве груба абышліся з яго міністрам фінансаў, які прывёз праект пагаднення пра нетры

20.02.2025 / 14:53

Nashaniva.com

Амерыканскі лідар распавёў, што Бэсент доўга дабіраўся ў Кіеў, і гэтая паездка была «небяспечнай».

Скот Бэсэнт. Alex Babenko / AP

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сцвярджае, што яго міністр фінансаў Скот Бэсент сутыкнуўся з грубым абыходжаннем падчас свайго візіту ў Кіеў на мінулым тыдні. Трамп заявіў пра гэта на борце прэзідэнцкага самалёта, яго цытуе AP.

Амерыканскі лідар расказаў, што Бэсент доўга дабіраўся ў Кіеў, і гэтая паездка была «небяспечнай».

Паводле Трампа, міністр фінансаў паехаў ва Украіну дзеля падпісання пагаднення, але вярнуўся з пустымі рукамі.

У той жа час, як паведамляе CNN, Трамп заявіў, што з Бэсентам паводзілі сябе «даволі груба», а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі быццам бы не змог сустрэцца з ім, бо «спаў».

«Скот Бэсент сапраўды паехаў туды, і з ім абышліся даволі груба, бо, па сутнасці, яны сказалі яму «не», а Зяленскі спаў і не змог сустрэцца з ім», — заявіў Трамп.

Гаворка ідзе пра пагадненне аб выкарыстанні ўкраінскіх нетраў амерыканскімі прыватнымі кампаніямі, якую Украіна палічыла кабальнай і адмовілася падпісваць.

Інфармаванае ўкраінскае выданне «Украінская праўда» пісала, што амерыканскі бок не проста жадаў «як мага хутчэй» падпісаць дамову аб падзеле ўкраінскіх нетраў, а шантажаваў ёй украінскую дэлегацыю. У Кіеве дакумент пабачылі толькі за два дні да пачатку Мюнхенскай канферэнцыі.

«У міжнародных адносінах такая хуткасць узгаднення дамоў з'яўляецца нерэальнай, а паколькі гаворка ідзе аб эканамічных, міжурадавых дагаворах, то гэта немагчыма нават у тэорыі», — адзначае выданне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула