БЕЛ Ł РУС

«Насыпалі солі, а потым шчоткай разганяюць». Грузавік падняў воблака пылу ў Мінску

27.02.2025 / 12:17

Nashaniva.com

На вуліцы Ілімскай чытач Onliner.by зняў незвычайнае відэа. Грузавік са шчоткай падняў вялізнае воблака пылу. Што гэта такое?

«Спачатку насыпалі соль з пяском, — растлумачыў відавочца. — А цяпер разганяюць шчоткай тонкім слоем па вуліцы. Я зняў апошні такі праезд. Усяго грузавік праехаў разоў пяць».

«Уся машына ў пыле і без гэтых прагонаў шчоткі, — дадаў мужчына. — Адзенне таксама. Дый праз паўгадзіны выходзіш на вуліцу — у горле пачынае пяршыць. Гэта самае страшнае — дыхаць такім «шчасцем».

«Бачыў такую ж карціну на праспекце Незалежнасці каля Dana Mall», — падзяліўся інфармацыяй яшчэ адзін чытач.

Соль на дарогах: што кажуць аўтамыйшчыкі і ўлады

Пра соль на дарогах і тратуарах пісалася ўчора. Высветлілі меркаванне супрацоўнікаў аўтамыйкі і атрымалі афіцыйны каментарый ад Мінгарвыканкама.

«Соль — велізарная праблема гэтага сезона. У нас тыдзень аўтамыйка проста «гарыць» ад колькасці людзей і аб’ёму работы. Мне здаецца, такога тыдня ў нас яшчэ не было, — распавядаў Аляксандр, прадстаўнік дэтэйлінг-студыі Aqualab. — Мінімум 180 званкоў у дзень, мы лічылі. Маразы стаялі доўга, а да гэтага не было снегу. Вільготнасць нізкая, і ўся гэтая соль, якая павінна была быць вадкай кашай, стала сухім пылам».

У той жа час намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання «Гаррамаўтадара» Арцём Ганчар тлумачыць, што «ў бягучым зімовым перыядзе ў разы скарацілася прымяненне супрацьгалалёдных матэрыялаў, такіх як тэхнічная соль і пясчана-саляныя сумесі». Гэта звязана з «даволі мяккімі ўмовамі надвор'я», але ўсё ж цалкам адмовіцца ад супрацьгалалёдных сродкаў немагчыма. 

«Наяўнасць беласці і пылу тлумачыцца практычна поўнай адсутнасцю ападкаў у выглядзе снежна-ледзяных адкладаў», — растлумачыў прадстаўнік «Гаррамаўтадара».

Ён паабяцаў, што дарожнікі будуць мыць дарогі і тратуары «пры ўсталяванні станоўчых тэмператур».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула