У Аўстрыі стварылі ўрадавую кааліцыю без ультраправых
Цэнтрысцкія партыі Аўстрыі дамовіліся пра фармаванне кааліцыйнага ўрада, у які не ўвойдуць ультраправыя. Лідар нацыяналістычнай Партыі свабоды Герберт Кікль назваў саюз сваіх супернікаў «кааліцыяй няўдачнікаў» і запатрабаваў новых выбараў, піша Euronews.
Крысціян Штокер. Фота: AP Photo/Heinz-Peter Bader
Нацыяналістычная Партыя свабоды пад кіраўніцтвам Герберта Кікля атрымала перамогу на выбарах у верасні мінулага года, атрымаўшы 28%, але Кікль так і не змог дамовіцца з іншымі партыямі аб саюзе. У выніку кааліцыйныя перамовы занялі 5 месяцаў, стаўшы самымі працяглымі ў гісторыі краіны.
Цяпер ва ўрад павінны ўвайсці правацэнтрысцкая Народная партыя, левацэнтрысцкія сацыял-дэмакраты і ліберальная партыя Neos. Канцлерам павінен стаць лідар ÖVP Крысціян Штокер.
Народная партыя і сацыял-дэмакраты раней уваходзілі ў кіроўныя кааліцыі, але цяпер яны маюць толькі мінімальную большасць у парламенце — 92 крэслы з 183. Neos атрымала 18 мандатаў і ніколі раней не ўваходзіла ў склад урада.
Урадавая праграма кааліцыі «заснаваная на кансэнсусе і прагматызме».
Кабінет павінен пачаць працу на наступным тыдні, але да гэтага кааліцыйнае пагадненне яшчэ павінны ўхваліць члены Neos: яны прагаласуюць у нядзелю.
Фармальны пераможца выбараў Герберт Кікль апынаецца, такім чынам, не пры ўладзе. Ён назваў саюз сваіх супернікаў «кааліцыяй няўдачнікаў» і запатрабаваў новых выбараў.
Чытайце таксама:
Кіраваць Аўстрыяй найхутчэй стане ўльтраправая і пракрамлёўская партыя, заснаваная нацыстамі
Зарабіў, вярнуўся, перамог. Хто такі Фрыдрых Мерц, які стане новым канцлерам Германіі